Мітрапаліту Кандрусевічу – 75. Ён абяцаў даслаць прашэнне аб адстаўцы


Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю ўрачыстых святых імшаў у менскім касцёле Найсвяцейшай Марыі. Да гэтага ён правеў брыфінг, на якім распавеў, што пасля прыезду ў Беларусь папрасіў спыніць аўтамабіль, выйшаў з яго і стаў на калені, каб падзякаваць Богу за магчымасць вяртання на радзіму.
Фота: АВ / Белсат

3 студзеня каталіцкі мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае свой 75-гадовы юбілей.

Раней Тадэвуш Кандрусевіч казаў, што ў бліжэйшы час мае намер пераслаць апостальскаму нунцыю ў Беларусі прашэнне аб адстаўцы на імя Папы Рымскага Францішка. Як распавёў арцыбіскуп, такое рашэнне ён прыняў у тым ліку праз узрост.

«3 студзеня 2021-га мне споўніцца 75 гадоў. Я афіцыйна сыходжу ў адстаўку і павінен сысці на пенсію. Я ўжо напісаў прашэнне аб адстаўцы і неўзабаве перашлю яго нунцыю», – паведаміў ён.

Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 года ў Гарадзенскім раёне. У 1970 годзе скончыў Ленінградскі політэхнічны інстытут. У 1976–1981 – навучаўся ў Духоўнай семінарыі ў Коўне. 31 траўня 1981 года прыняў святарскае пасвячэнне. Служыў у Вільні і Друскеніках.

У 1989 годзе прызначаны біскупам Менскім. Праз два гады яго перавялі на епіскапскую кафедру ў Маскву. У 2007 годзе вярнуўся ў Беларусь і стаў мітрапалітам Менска-Магілёўскім. У 2015 годзе ўзначаліў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі.

31 жніўня памежнікі не прапусцілі арцыбіскупа Кандрусевіча з Польшчы ў Беларусь без тлумачэння прычын. Неўзабаве МУС прызнала пашпарт Кандрусевіча несапраўдным. Таксама Лукашэнка некалькі разоў абвінаваціў Кандрусевіча ў тым, што той выязджаў у Польшчу «для кансультацыяў». Але 24 снежня пры пасярэдніцтве Ватыкану ўлады дазволілі Кандрусевічу вярнуцца ў Беларусь.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў