Мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь, ён вяртаўся з Польшчы


Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

Кіраўніка каталіцкага касцёла Беларусі, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які вяртаўся з Польшчы, беларускія памежнікі не ўпусцілі ў Беларусь. Інфармацыю belsat.eu пацвердзіў Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі.

Юры Санько, прэс-сакратар Канферэнцыі каталіцкіх епіскапаў Беларусі, паведаміў «Белсату», што пакуль невядома, на якой падставе мітрапаліта Кандрусевіча не ўпусцілі ў Беларусь.

«Мы спрабуем разабрацца ў сітуацыі і зрабіць усё магчымае, каб яго пусцілі ў Беларусь», – заявіў ён.

Без тлумачэння прычынаў

«Не пусцілі і ўсё, больш я нічога не ведаю. Сказалі: «без каментароў». Сказалі, што мне забаронены ўезд у Беларусь і больш нічога. Цяпер гэтым пытаннем займаецца Курыя», – распавёў «Белсату» Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт Кандрусевіч мае беларускае грамадзянства.

Генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі афіцыйна паведаміў, што 31 жніўня супрацоўнікі памежнай службы Рэспублікі Беларусь адмовілі ва ўездзе ў краіну Мітрапаліту Менска-Магілёўскаму арцыбіскупу Тадэвушу Кандрусевічу, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

Біскуп Юрый Касабуцкі ўдакладніў, што ў панядзелак 31 жніўня арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч вяртаўся з замежнай службовай паездкі.

«Гэтую канкрэтную сітуацыю прэс-служба не каментуе», – адказаў прэс-сакратар Памежнага камітэтут Антон Бычкоўскі на пытанне нашага карэспандэнта на якой падставе не ўпускаюць Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь.

Жаночы пратэст
Фота: ТК / Belsat.eu

Пазіцыя каталіцкага касцёла адносна пратэстаў

На мінулым тыдні ў адным з галоўных касцёлаў Менску, у Чырвоным касцёле хаваліся пратэстоўцы, якія выступаюць за адстаўку кіраўніка краіны.

15 жніўня Мітрапаліт Кандрусевіч заклікаў улады Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнку, спыніць гвалт.

Мітрапаліт заявіў, што пралітая кроў на вуліцах беларускіх гарадоў, а таксама збіццё дэманстрантаў, жорсткае абыходжанне з імі і ўтрыманне ў нечалавечых умовах у месцах зняволення – гэта «цяжкі грэх на сумленні тых, хто аддае злачынныя загады і творыць гвалт».

Ланцуг салідарнасці каля Чырвонага касцёла
27 жніўня 2020 года. Жаночы «ланцуг салідарнасці» каля Чырвонага касцёлу ў Менску, у якім падчас мітынгу 26 жніўня АМАП заблакаваў сотню чалавек.
Фота: ТК / Belsat.eu

belsat.eu

Стужка навінаў