«Мітрапаліт сказаў: вы ўсе пад крымінальнай справай ходзіце». БПЦ спрабуе задушыць бунт у Бягомлі


Вернікі Бягомля, якія абараняюць святара Валерыя Цімкова і байкатуюць рашэнні Полацкай епархіі, сцвярджаюць: вечарам пятніцы можа адбыцца сілавы захоп мясцовага сабору з удзелам міліцыі. Прыхаджане зноў звяртаюцца да мітрапаліта Паўла з просьбай разабрацца ў сітуацыі ды спыніць несправядлівасць. Прадстаўнікі БПЦ у сваю чаргу ўпэўненыя, што дзеюць у межах закону.

Мітрапаліт Павел прыняў дэлегацыю бягомльскіх вернікаў у Менску 11 красавіка, размова цягнулася дзве гадзіны. Дэталі сустрэчы belsat.eu распавяла Тамара – прыхаджанка храма Усіх Святых у Бягомлі, сябра рэвізійнай камісіі прыхадскога савету па справе айца Валерыя Цімкова.

Паводле Тамары, размова на сустрэчы была складаная, але бакі нібыта дасягнулі кампрамісу. З аднаго боку прыхаджане пагадзіліся ў нядзелю, 14 красавіка, адчыніць храм для богаслужэння і пусціць новага бацюшку. З іншага боку мітрапаліт пагадзіўся, каб ключы пакуль захоўваліся ў чальцоў прыхадскога савету, а новы бацюшка служыў толькі часова – да разгляду царкоўным судом другой інстанцыі апеляцыі па справе айца Валерыя Цімкова. Таксама, паводле Тамары, мітрапаліт паабяцаў, што да канчатковага рашэння суду айцу Валерыю будуць плаціць жалаванне.

Святар Валерый Цімкоў і бягомльскія вернікі пасля аўдыенцыі ў мітрапаліта Паўла. Фота прадстаўлена вернікамі

«Па справе айца Валерыя прыхаджане прасілі кананічнага справядлівага рашэння суда да Светлага Хрыстовага ўваскрасення з улікам прадстаўленых доказаў яго невінаватасці па законе Божай любові з улікам яго заслугаў перад Царквой за якія ён узнагароджаны. Мы таксама перадалі мітрапаліту Паўлу, што ў выпадку несправядлівага рашэння царкоўнага суда Экзархата па несправядлівым абвінавачванні айца Валерыя, будзем вымушаныя звярнуцца ў грамадзянскі суд з нашымі доказамі яго невінаватасці», – распавяла Тамара.

Але па вяртанні ў Бягомль вернікі атрымалі лісты з Полацкай епархіі, дзе паведамляецца: 12 красавіка ў 18 гадзінаў мусіць адбыцца паседжанне прыхадскога сходу і перадача маёмасці мясцовага храма Беларускай праваслаўнай царкве.

«Мяркуючы па ўсім, архіепіскап Феадосій хоча разагнаць наш прыхадскі сход і абраць новы. Рыхтуецца захоп храму. Хаця мітрапаліт учора загадаў сакратару і начальніку канцылярыі Полацкай епархіі перадаць епіскапу Феадосію, каб той не ўмешваў у справы царквы выканаўчыя і праваахоўныя органы. Нашая юрыстка кажа: у іх задача адабраць храм, потым мы ўжо нікому не будзем патрэбныя», – распавядае Тамара.

Ліст з Полацкай епархіі, які атрымалі чальцы прыхадскога савету. Фота прадстаўлена вернікамі

Вернікі перакананыя, што камісія паспрабуе захапіць храм сілай, з дапамогай міліцыі і мясцовых уладаў. Яны падкрэсліваюць, што канчатковае рашэнне суду па справе айца Валерыя не прынятае і да таго часу вырашаць лёс прыходу нельга.

Нагадаем, прыхаджане лічаць храм сваёй уласнасцю, бо куплялі будаўнічыя матэрыялы на свае грошы і нават асабіста прымалі ўдзел у будаўніцтве. Аднак прадстаўнікі Полацкай епархіі сцвярджаюць: не мае значэння, на чые сродкі пабудаваны храм, усё роўна ён – уласнасць БПЦ.

Царква ў Бягомлі

«Нашая сустрэча з мітрапалітам наагул пачалася з таго, што ён нам сказаў: вы ўжо ўсе пад крымінальнай справай ходзіце. Маўляў, храм гэта ўласнасць БПЦ, а вы яе захапілі. «Якая крымінальная адказнасць? – спытала я. – Мы ж проста хочам справядлівасці». Мы таксама казалі, што на Пасху мы збяромся ў двары бацюшкі Валерыя з кулічамі і будзем спяваць пасхальны канон, а Гасподзь сам нам асветліць кулічы. А мітрапаліт сказаў, што гэта будзе лічыцца сектанцтвам і мы за гэта адкажам па законе», – кажа Тамара.

Бягомльскія вернікі сёння зноў звярнуліся да мітрапаліта Паўла з просьбай дапамагчы разабрацца ў сітуацыі. У сваім адкрытым звароце яны кажуць пра тое, што Полацкая епархія дзейнічае насуперак абяцанням мітрапаліта. «Сход, які мусіць сёння адбыцца, узбаламуціў народ. Ніхто нікому ніякіх дакументаў перадаваць не будзе. Калі святар часовы, то няхай загад будзе часовым. Багаборцаў у храм мы ніколі не пусцім», – абяцаюць вернікі.

  • Прычынаю канфлікту паміж жыхарамі Бягомля і Полацкай епархіяй стаў лёс святара Валерыя Цімкова. Айцец Валерый служыў у Бягомлі з 2002 года, дзякуючы яго намаганням і шчодрым ахвяраванням прыхаджанаў у Бягомлі ў лістападзе 2018 года нарэшце адкрылі новы храм. Але ўжо праз месяц прыйшла сумная навіна: святара пазбавілі сану, забараніўшы служэнне. Царкоўнае кіраўніцтва абвінаваціла яго ў «распусных стасунках» з 47-гадовай замужняй жанчынай Таццянай (імя зменена з этычных меркаванняў).
  • Скаргу на бацюшку напісаў былы муж гэтай жанчыны і неўзабаве была створана адмысловая царкоўная камісія, якая мусіла праверыць выкладзеныя ў скарзе звесткі. Чальцы камісіі прыйшлі да Таццяны на працу і прымусілі напісаць распіску, што яна «адмаўляецца ад распусных стасункаў» з айцом Валерыем. Аднак потым жанчына падала тры пісьмовых абвяржэння і паскардзілася на псіхалагічны ціск з боку епархіі. І яна, і сам святар, і ягоная жонка, а таксама сябры сям’і лічаць абвінавачванні ў «распусных стасунках» паклёпам. Прыхадскі савет устаў на абарону айца Валерыя і пастанавіў зачыніць царкву да вяртання «свайго бацюшкі». Прыхаджане пачалі пісаць лісты ў абарону – патрыярху Кірылу ў Маскву, мітрапаліту Паўлу і нават у Адміністрацыю прэзідэнта.
  • 5 красавіка ў Бягомль прыбыла спецыяльная камісія Полацкай епархіі (у складзе 10 чалавек), якая мусіла прыняць маёмасць мясцовай царквы і перадаць яе новаму бацюшке, якога прызначылі замест айца Валерыя. Аднак прыхадскі савет абвясціў байкот камісіі Полацкай епархіі: вернікі адмовіліся перадаваць ключы ад храму і прызнаваць новага бацюшку. Па прыездзе камісіі каля мясцовага храму сабралася каля дзясятка вернікаў, якія горача абураліся паводзінамі епархіі і некалькі гадзінаў спрачаліся са святарамі. У выніку чальцы камісіі засталіся ні з чым – яны нават не высветлілі, у каго цяпер знаходзяцца ключы.
Hавiны
Як жыхары Бягомля збунтаваліся супраць Полацкай епархіі
2019.04.06 09:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў