Мітрапаліт Павел выбачыўся, што павіншаваў Лукашэнку з перамогай


Мітрапаліт Павел папрасіў прабачэння за заўчаснае віншаванне Аляксандра Лукашэнкі з перамогай на выбарах 9 жніўня, піша радыё «Свабода».

Як заявіў прэсавы сакратар Беларускай праваслаўнай царквы айцец Сергій Лепін, Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел папрасіў прабачэння за заўчаснае віншаванне Лукашэнкі, якое абурыла вернікаў.

«Мітрапаліт атрымаў інфармацыю пра падзеі ў Беларусі, ён бачыў відэаролікі затрыманняў, яны яго абурылі, жахнулі і засмуцілі», – сказаў Лепін.

Hавiны
Галоўны місіянер БПЦ не пагадзіўся з віншаваннем Лукашэнкі патрыярхам
2020.08.13 20:27

Мітрапаліт заклікаў малітоўна падтрымліваць незаконна затрыманых і пакрыўджаных. Такая супольная малітва будзе адбывацца штодня а 13:00 і суправаджацца хрэсным ходам.

Кроў на сумленні тых, хто забіваў праўду

Між тым праваслаўны архіепіскап Гарадзенскі Арцемій выступіў са зваротам, у якім заявіў, што праліццё крыві ў Беларусі «здарылася, відавочна, таму, што нельга гуляць з Праўдай, перакручваючы і крамсаючы яе ва ўгоду палітычнай мэтазгоднасці».

«Кроў ахвяр і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні – на сумленні тых, хто свядома сам забіваў або прымушаў іншых забіваць Праўду! Пра тое, што так НЕЛЬГА паступаць тым, хто лічыць сябе праваслаўным хрысціянінам, папярэджвалі нашы святары, заклікалі да іх сумлення і нагадвалі Запаведзі Божыя! Але, на жаль, іх слухалі ў апошнюю чаргу», – адзначыў архіепіскап.

Hавiны
Праваслаўны святар пра выбары: Міру і спакою не будзе без праўды і справядлівасці
2020.08.02 19:58

 

Ён падкрэсліў, што «досвед апошніх дзён, калі на вуліцы нашых гарадоў замест збітых мужоў, сыноў, братоў выйшлі іх жонкі, маці, сёстры – з кветкамі і ўсмешкамі, аказалася, што духоўны закон: «Не будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром» (Рым. 12. 21) – працуе!»

«Любоў вярнула мір і спыніла гвалт! Ці гэта, гэта не дзіва! Я ўсяляк дзякую тых, хто знайшоў гэта дзіўнае рашэнне і заклікаю на вас дабраславенне Божае!» – заявіў Арцемій.

Ён выказаў спадзеў, што праўда «дазволіць нам усім вярнуць давер адзін да аднаго», «асабліва да тых, хто, маючы прысягу служыць беларускаму народу, неапраўдана жорстка ставіўся да яго ў гэтыя дні».

Архіепіскап выказаў словы суцяшэння іх родным і блізкім загінулых, пажадаў «найхутчэйшага выздараўлення ўсім пацярпелым і свабоды тым, хто яе яшчэ чакае». Ён таксама заклікаў, каб былі «справядліва, сумленна і адкрыта расследаваныя ўсе факты падману, гвалту і жорсткасці, каб здзейснілася Правасуддзе і перамагла Праўда».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў