Мітрапаліт Павел распавёў, што на юбілей яму падарылі «Майбах». Такое здаралася і з Лукашэнкам


Аляксандр Лукашэнка і мітрапаліт Павел. 7 студзеня 2018 года

Мітрапаліт Павел, выступаючы ў якасці сведкі на судзе над праваслаўным выдаўцом Уладзімірам Грозавым, распавёў, што пражывае ў рэзідэнцыі ў Драздах, на 65-годдзе яму падарылі «Майбах».

Нагадаем, цяпер у судзе Завадскога раёну Менску разглядаецца крымінальная справа ў дачыненні да былога першага намесніка дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархата Уладзіміра Грозава, які займаў таксама пасаду старшыні рады грамадскага аб’яднання «Бацькі і настаўнікі – за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» (БНПА).

На думку следства, «абвінавачаны з 1 верасня 2010 года па 17 кастрычніка 2014 гады з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў завалодаў грашовымі сродкамі выдавецтва на 1,2 млн рублёў» (каля 600 тыс. долараў). Акрамя таго, ён унёс аб’екты сядзібна-паркавага комплексу другой паловы XVIII стагоддзя ў в. Сёмкава Менскага раёну ў статутны фонд ТАА «СЕО», дзе сам зʼяўляўся заснавальнікам і фактычным кіраўніком. Пры гэтым да ТАА «СЕО» перайшло і права пастаяннага карыстання зямельнымі ўчасткамі плошчай 37,8408 га, на якіх размяшчаўся сядзібна-паркавы комплекс.Сума нанесенай дзяржаве шкоды склала за 3,8 млн рублёў (каля 1,9 млн. долараў), сцвярджаюць у пракуратуры. Следчыя лічаць, што выдавец увозіў з Нямеччыны ў Беларусь машыны і іншыя тавары ў адрас выдавецтва і БНПА, сумарна ўхіліўшыся ад выплаты 212,6 тыс. рублёў мытных плацяжоў.

На судзе мітрапаліт Павел прызнаўся, што ў свой час падпісаў хадайніцтва аб распачынанні крымінальнай справы ў дачыненні да Грозава, аднак цяпер шкадуе пра гэта і ацэньвае дзейнасць падсуднага інакш.

Адказваючы на пытанні наконт ўвозу аўтамабіляў з замежжа, Павел прызнаўся на судзе, што за апошнія 15 гадоў яму самому неаднаразова дарылі новыя аўтамабілі. У тым ліку – «Майбах» на 65-годдзе. Мітрапаліт растлумачыў, што многія машыны ён перадаваў манастырам і парафіям, а каб пазбегнуць цяганіны з дакументамі, проста выпісваў даверанасці.

«Майбах» – адна з самых дарагіх машын у свеце, розныя мадэлі могуць каштаваць ад 100 000 да 500 000 долараў.

Maybach 57/62

Цікава, што ў свой час Аляксандр Лукашэнка таксама распавядаў, што яму падаравалі «Майбах» на Дзень народзінаў.

«Што тычацца гэтага «Майбаха», так яго ўжо не выпускаюць, яго знялі з вытворчасці. Мне падаравалі яго на дзень нараджэння – я яго аддаў дзяржаве. Мне ўсё роўна трэба было б набыць аўтамабіль, калі б не было гэтага «Майбаха», – заявіў Лукашэнка ў студзені 2013 года.

«Майбахі» у Беларусі не толькі дораць на Дні Народзінаў, але і афіцыйна купляюць на дзяржаўныя грошы. Гэтак сёлета ў сакавіку кампанія «Белтрансспецаўта», якая ўваходзіць у структуру Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, абвясціла тэндар на набыццё аўтаў амаль на 1 млн. долараў. Сярод іх – Mercedes-Benz S560 4 MATIC Long («Майбах»), які каштуе 150-160 тыс. долараў.

ІІ, belsat.eu, паводле Office life

Глядзі таксама
Каментары