Мітрапаліт Павел лічыць, што ў праваслаўных і каталікоў розны Бог


Кіраўнік БПЦ сцвярджае, што Бог каталікоў і ўніятаў не мае нічога супольнага з праваслаўным Творцам.

Пра гэта кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы заявіў, адказваючы на ​​пытанне гомельскай верніцы ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі аб сітуацыі ў вёсцы Бярозаўка ў Віцебскай вобласці, дзе праваслаўныя вернікі ходзяць на імшу ў касцёл, бо найбліжэйшая царква знаходзіцца за 10 кіламетраў.

Каля касцёла ўсталявана скульптура, якая сімвалізуе аб’яднанне каталіцкіх і праваслаўных крыжоў, а ў самім касцёле ёсць і іконы праваслаўных святых, у тым ліку Серафіма Сароўскага і Еўфрасінні Полацкай.

Партал «Крыніца» адзначае, што пры святыні навучаюцца таксама і дзеці дзвюх канфесіяў.

«Адзін будынак выкарыстоўваюць і праваслаўныя, і каталікі. Але гэта ні ў якім разе не з’яўляецца нейкай уніяй. Задача ўніятаў – сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце», –адзначыў іерарх.

«Бог сапраўды адзін, але ў карпарацыі свой бог, у нейкі сектанцкай арганізацыі – свой. Яны да нашага агульнага Творцы і Госпада ніякага дачынення не маюць. Госпад жа ў Евангеллі казаў: «У вас чэрава – Бог, у вас мамона – Бог». У язычнікаў ж таксама ідал – бог. Але для нас, праваслаўных, гэта цацанка. Гэтак жа і ўніяты», – дадае праваслаўны мітрапаліт.

«Я не хачу навязваць каталіцкі касцёл, хачу проста дапамагчы сем’ям, дапамагчы дзецям, дапамагчы людзям вярнуцца да хрысціянскіх каранёў пасля атэізму», – кажа ў размове з БТ айцец Марэк Пасют, пробашч прыхода Маці Божай Вострабрамскай у Бярозаўцы.

Паводле каталіцкага святара, форма крыжа – каталіцкага або праваслаўнага – належаць «не да сэрца веры, а да рэлігійнай культуры».

ДД

Стужка навінаў