Мітрапаліт Кандрусевіч выказаўся пра падзеі ў Курапатах


«Нацыя, якая забывае сваю гісторыю, гэтым самым адракаецца ад сваіх каранёў і не мае будучыні», – сказаў арцыбіскуп мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч учора вечарам падчас богаслужэння ў Кафедральным касцёле Менску.

Найвышэйшы іерарх Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказаўся пра сітуацыю з рэстарацыяй «Поедем, поедим», які працуе на мяжы ахоўнай зоны Курапатаў, пра ўпарадкаванне Вайсковых могілак у Менску, пра Закон ад хатнім гвалце.

«Апошнія месяцы першымі навінамі ў нашай краіне з’яўляецца праблема рэстарана «Поедем, поедим«, размешчанага побач з Галгофай нашага народа – урочышчам Курапаты. Як такое магло здарыцца? Хто і чаму даў дазвол? Дзе этычныя нормы паводзінаў?»цытуе казанне іерарха сайт catholic.by.

Цягам трох месяцаў ідзе супрацьстаянне вакол рэстарацыі «Поедем поедим». Прычына – месца знаходжання рэстарацыі – ля ўрочышча Курапаты, дзе з 1937 па 1941 г. расстралялі ад 30 да 250 тыс. асобаў. Акрамя месца народнага мемарыялу ёсць яшчэ ахоўная зона, на якой і знаходзіцца частка гэтай рэстарацыі, таму будынак атрымаў назоў «рэстарацыя на костках».

Абаронцы Курапатаў стаяць жывой вартаю каля рэстарацыі і пераконваюць наведнікаў знайсці іншае месца дзе можна пад’есці. На іх нападаюць супрацоўнікі ўстановы, міліцыянеры часам штрафуюць і арыштоўваюць абаронцаў народнага мемарыялу.

«Чаму побач з месцам генацыду нашага народа пабудавалі месца для забавы? Ці адэкватны чалавек пойдзе туды, ці будзе там весяліцца, гледзячы праз вакно на месца жудаснай мучаніцай смерці нашых продкаў? А можа, сумленне тых, хто даваў дазвол, хто будаваў і хто туды ідзе, спіць?», – задаў рытарычныя пытанні мітрапаліт.

У Курапатах павінна быць месца малітвы і роздуму над тым, што можа зрабіць адсутнасць любові да бліжняга, каб гэтая трагедыя ніколі больш не паўтарылася, а не забаўляльны цэнтр, заявіў іерарх. У гэтай сувязі ён таксама згадаў «ўпарадкаванне» Вайсковых могілак, за якімі, напэўна, распачнецца ўпарадкаванне іншых, у тым ліку і Кальварыйскіх.

«Старыя могілкі сапраўды патрабуюць упарадкавання, але не коштам нашай гісторыі», – дадаў мітрапаліт Тадэвуш. Раней ён звяртаўся да ўладаў і грамадства са зваротам аб патрэбе абароны Вайсковых могілак.

Андрэй Бабініч, belsat.eu

Стужка навінаў