Мітрапаліт Кандрусевіч просіць Караева вызваліць затрыманых


І хоча сустрэцца з ім.

18 жніўня каталіцкі мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч звярнуўся да міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Караева ў справе затрыманых падчас акцый пратэсту.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: «Калі не мы, то хто? Калі не сёння, то калі?».
Фота: «Белсат»

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі папрасіў дазволіць святарам наведваць затрыманых пасля прэзідэнцкіх выбараў, каб аказаць ім патрэбную дапамогу, перадусім духоўную, піша Catholic.by.

Іерарх таксама заклікаў міністра неадкладна вызваліць затрыманых і звярнуўся да міністра з просьбай асабіста прыняць яго, каб абмеркаваць цяперашнюю складаную сітуацыю з мэтай перадухілення насілля ў будучыні.

А 17 жніўня праваслаўны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел наведаў больніцу хуткай медычнай дапамогі ў Менску, дзе знаходзяцца пацярпелыя падчас разгону пратэставых акцыяў, паведамляе Church.by.

Іерарх паведаміў пацярпелым, што ў Беларускай Праваслаўнай Царкве моляцца аб іх найхутчэйшым выздараўленні, і выказаў надзею на справядлівае расследаванне злачынстваў падчас акцыяў.

«Трымайцеся, папраўляйцеся і не падайце духам!» – пажадаў пацярпелым мітрапаліт Павел.

Ён нагадаў, што Царква асуджае любы гвалт, знаходзіцца разам з усімі людзьмі, падзяляе іх боль, суперажывае іх пакутам, моліцца пра іх і пра іх блізкіх.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў