Місія БДІПЧ АБСЕ распачала назіранне за выбарамі і чакае, што Беларусь выканае свае абавязкі


Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЕ 15 кастрычніка адкрыла місію для назірання за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі. Місію ўзначальвае Карын Ёнкер, перадае карэспандэнт belsat.eu.

На прэс-канферэнцыі ў Менску Ёнкер назвала выбары ў Палату прадстаўнікоў «датэрміновымі» (афіцына ўлады не называюць выбары датэрміновымі, хаця яны адбываюцца на год раней, чым планавалася) і адзначала, што місія прыехала ў Беларусь па запрашэнні МЗС.

Паводле Ёнкер, асноўная каманда назіральнікаў складаецца з 11 экспертаў з 11 розных краінаў свету. Яны будуць назіраць за ўсімі этапамі выбарчай кампаніі, сустракацца з прадстаўнікамі ўладаў, палітычных партыяў, грамадзянскай супольнасці і СМІ. Місія будзе маніторыць не толькі працэс рэгістрацыі кандыдатаў і перадвыбарчай агітацыі, але і асвятленне кампаніі ў прэсе.

Прэс-канферэнцыя місіі БДІПЧ АБСЕ ў Менску. Фота – belsat.eu

«Каб забяспечыць бесстароннасць вынікаў назірання, мы будзем ацэньваць выбары па шэрагу выразных крытэраў, ацэньваць адпаведнасць выбарчага працэсу абавязкам АБСЕ, іншым міжнародным абавязкам і стандартам дэмакратычных выбараў. Беларусь, з’яўляючыся чальцом АБСЕ і падпісантам гэтых дамоўленасцяў, мусіць гэтыя абавязкі выконваць», – падкрэсліла Ёнкер.

З 23 кастрычніка да асноўнай каманды далучацца 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія будуць працаваць у 14 розных кропках Беларусі. Чакаецца, што напярэдадні дня галасавання ў краіну прыедуць яшчэ 400 кароткатэрміновых назіральнікаў. У дзень выбараў місія БДІПЧ абʼяднае свае намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і ПА АБСЕ.

Папярэднія высновы місія БДІПЧ прадставіць на наступны дзень пасля выбараў. Канчатковую справаздачу – цягам васьмі тыдняў пасля дня галасавання.

«Нас цікавяць не вынікі выбараў, а сам працэс», – дадала яна.

Ёнкер між тым устрымалася ад нейкіх ацэнак сённяшняй сітуацыі ў Беларусі і ад выказвання ўласных чаканняў ад парламенцкай кампаніі.

«Мы прыехалі без нейкіх чаканняў або настрояў. Мы пра ўсе назіранні распавядзем пасля выбараў», – падкрэсліла яна ў адказ на пытанне «Белсату».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбудуцца 17 лістапада 2019 года.

Hавiны
Фіктыўная палітыка: як працуюць праўладныя партыі-прывіды
2019.10.05 10:10

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў