«Міс-Беларусь 2008» Вольга Хіжынкова не выйдзе сёння на свабоду


Пасля месяца за кратамі Вольга Хіжынкова сёння не выйдзе на свабоду. Ей падоўжылі тэрмін утрымання. Пра гэта сваякам паведамілі супрацоўнікі ЦІП на Акрэсціна, дзе яна адбывае пакаранне.

Міс Беларусь-2008 і былую прэс-сакратарку берасцейкага «Дынама» пад ЦІПам прыйшоў сустракаць муж і вядомыя беларускія спартсмены. Але, на жаль, дзяўчына так і не выйшла сёння на волю.

«Дзесьці падсвядома я думаў што такое можа выскачыць, але ўсёй душой хацеў сёння сустрэць і абняць яе. Мне сказалі, што яна адбывае тэрмін і сёння не выйдзе. Тэлефануйце ў суд. Рашэнне такое: адбывае тэрмін далей», — паведаміў ейны муж Іван Марозаў.

Журналісты і блізкія прыйшлі на Акрэсціна сустракаць Вольгу Хіжынкову, якая мела выйсці сёння да 17-ай гадзіны. Яе так і не выпусцілі з ізалятара.
Фота: ТК / Белсат

Хіжынкова была затрыманая 8 лістапада падчас акцыі пратэсту, праз тры дні ёй прысудзілі 12 сутак арышту. Сведка яе затрымання блытаўся ў паказаннях і справу ў выніку адправілі на дапрацоўку. Днём пазней яе судзілі па тым жа артыкуле 23.34 КаАП па другім эпізодзе – і дадалі яшчэ 15 содняў.

Неўзабаве над Хіжынковай прайшоў трэці суд, на якім яна была пакараная яшчэ 15 суткамі. Першапачаткова меркавалася, што гэты тэрмін будзе адлічвацца з моманту суда. Але, мяркуючы па заяве супрацоўнікаў ЦІП, у выніку ўсё тры тэрміны ўсё ж такі сумаваліся.

Такім чынам, Вольга не выйдзе на свабоду сёння. Верагодна, яна правядзе пад арыштам яшчэ дзевяць содняў.

Пасля выбараў Вольга Хіжынкова неаднаразова выказвала сваё меркаванне пра сітуацыю ў Беларусі і выступала супраць гвалту. У верасні Вольга пазбавілася працы ў Нацыянальнай школе прыгажосці з-за актыўнай грамадзянскай пазіцыі.

Hавiны
«Міс Беларусь – 2008»: Свабоду Віктару і Эдуарду Бабарыкам
2020.06.21 19:46

АД belsat.eu

Стужка навінаў