Аляксандр Класкоўскі Міратворцы Лукашэнкі наўрад ці выратуюць Данбас

палітычны аглядальнік, публіцыст

«Калі вы хочаце, каб мы зачынілі мяжу 400 кіламетраў паміж Украінай і Расеяй… мы закрыем гэтую мяжу», – заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з украінскімі журналістамі 26 верасня ў Менску.

Шырокі, высакародны жэст, але ці не занадта ў духу гогалеўскага Манілава?

Лукашэнка заявіў пра гатовасць увесці міратворцаў на Данбас і ўзяць пад кантроль украінска-расейскую мяжу

Пачнем з таго, што для міратворчай місіі на Данбасе спатрэбілася б, паводле ацэнак экспертаў, ад 10 да 40 тысячаў чалавек – у залежнасці ад фармату, функцый і інш. У беларускім жа войску ўсяго каля 45 тысяч вайскоўцаў. Прычым самі разумееце, будбату туды не пашлеш.

Ідэфікс Лукашэнкі

Між тым беларускі афіцыйны лідар ужо не першы раз прагаворвае гэтую шырокамаштабную ідэю.

Пра гатовасць «выкарыстаць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб развесці бакі канфлікту» ва Украіне, ён заяўляў яшчэ ў інтэрв’ю Euronews у кастрычніку 2014 года. У 2016-м сказаў, што гатовы не толькі ўзяць пад кантроль мяжу Украіны і Расеі, але і арганізаваць мясцовыя выбары на Данбасе. Што спарадзіла хвалю іроніі ў сацыяльных сетках: ведаем, маўляў, як праводзяцца выбары па-беларуску!

«На фронце кажуць: калі б у нас кіраваў Лукашэнка, вайна даўно б скончылася», – беларус, які атрымаў ордэн «Народны герой Украіны»

Затым у кастрычніку мінулага года на сустрэчы асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы ў Менску беларускі кіраўнік абвясціў:

«Мы можам узяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру ва ўсходніх рэгіёнах Украіны і кантроль на расейска-ўкраінскай мяжы».

Міратворчасць як спосаб «схавацца ў доміку»

Як бачым, размах яшчэ той. Але на гэтыя ініцыятывы беларускага кіраўніцтва я б не глядзеў асабліва іранічна, хоць яны і сапраўды аддаюць манілаўшчынай.

Справа ў тым, што пасля Крыму беларускае кіраўніцтва, адчуўшы халадок паміж лапатак, стала ратавацца ад Крамля зыходам у нішу міратворчасці. Беларускі МЗС пачаў з дзікай сілай піярыць ініцыятыву «Хельсінкі 2.0»: маўляў, прапануем зрабіць беларускую сталіцу стартавай пляцоўкай новага працэсу разрадкі напружанасці.

Атрымаецца не атрымаецца, але прасцей адкарасквацца ад Масквы з яе базамі: мы ж, гэта самае, міратворцы, не псуйце нам іміджу і пляцоўкі!

Крыніца фота – president.gov.by

Зорнай гадзінай беларускага афіцыйнага лідара стаў саміт «Нармандскай чацвёркі» у Менску ў лютым 2015 года. Яшчэ б: і Ангела Мэркель, і Франсуа Алянд паціснулі руку таму, хто раней лічыўся «апошнім дыктатарам Еўропы». Але потым Менскі працэс забуксаваў. А нядаўна сам Лукашэнка паскардзіўся, што «Хельсінкі 2.0» не сустракае разумення на Захадзе.

Гэта і зразумела. Бо хельсінкскія дамоўленасці 1975 года замацавалі прынцып непарушнасці межаў у Еўропе. А Расея захопам Крыму гэты акт зняважыла. І пачынаць «Хельсінкі 2.0» без вяртання Крыму азначае прызнаць агрэсію. Карацей, тупік.

Беларускіх міратворцаў не будзе на Данбасе

У выніку Менск хутка выпрацаваў верхні пласт міратворчасці, рухацца ж далей праблематычна.

Адной роты неяк замала

Зараз аб патэнцыяле Менску ў рамках гіпатэтычнай міратворчай місіі ААН. Фішка ў тым, што па стандартах блакітных касак вышкаленае толькі адно падраздзяленне – міратворчая рота ў складзе віцебскай 103-й брыгады.

Менскі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у свой час адзначаў, што пры неабходнасці ў склад місіі на ўсходзе Украіны Беларусь магла б паслаць таксама дзве брыгады – сіл спецыяльных аперацый і ўнутраных войскаў. Яны праходзяць міратворчую падрыхтоўку ў рамках АДКБ.

Але вось тут і закавыка: раней украінскія прадстаўнікі заяўлялі, што міратворцы з Беларусі на Данбасе непрымальныя менавіта таму, што краіна ўваходзіць у АДКБ (чытай: вайсковы альянс пад эгідай Крамля).

Болтан і новая Рэч Паспалітая, або Чаго Масква не даруе Лукашэнку

У Кіеве няма належнага даверу да Менску. Украінцаў кранае тое, што Беларусь, каб дагадзіць Маскве, галасуе ў ААН супраць украінскіх рэзалюцыяў па Крыме. Калі глядзець шырэй – Менск ёсць вайскова-палітычным саюзнікам Расеі. Міратворцы ж павінны быць нейтральныя.

Таксічны статус саюзніка Крамля

Маркотней за ўсё тое, што Кіеў і Масква не могуць дамовіцца аб самой парадыгме вырашэння праблемы Данбасу. Украінскія ўлады хацелі б у першую чаргу зачыніць некантраляваны імі ўчастак усходняй мяжы, а расейскі бок упарта трымаецца за гэты калідор, які падсілкоўвае непрызнаныя ДНР/ЛНР. Пакуль тут зачараванае кола.

Пять сценариев для Донбасса от новой Рады. Разбор «Белсата»

Аднак нават калі ўявіць сабе, што пытанне міратворчай місіі перайшло ў практычную плоскасць, то, па-першае, у Менску занадта мала падрыхтаваных штыкоў, каб у прынцыпе гуляць там нейкую прыкметную ролю. Па-другое, мала шанцаў увогуле трапіць у склад блакітных касак на Данбасе, паколькі, як бы не рвала кашулю на грудзях беларускае кіраўніцтва, статус саюзніка Расеі – гэта медычны факт. А пасля Крыму гэты статус стаў таксічным.

Чаму Лукашэнка раскланяўся перад «гнілой Еўропай»

Так, Лукашэнку крыўдна, таму што ён круціцца як вуж на патэльні, каб хоць неяк дыстанцыявацца ад палітыкі Крамля. Але занадта чэпка трымае пастка «братэрскай інтэграцыі», у якую беларускі прэзідэнт калісьці загуляўся.

Зрэшты, Лукашэнка і з нічога ўмее рабіць цукерку. Чаму б не ўразіць украінскіх журналістаў жэстам тыпу: хоць заўтра гатовыя закрыць мяжу з Расеяй. Жэст шырокі і ў той жа час нічога не варты.

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Лукашэнка растаптаў сімвалы Беларусі, але за што змагаўся, на тое і напароўся

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік – для belsat.eu

/ІР

Фота вокладкі – Аляксандр Лукашэнка на палігоне ў Івацэвіцкім раёне, 5 кастрычніка 2018 года. Крыніца – president.gov.by.

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары