Міратворцы, лічбавая эканоміка, супрацоўніцтва з ЕЗ: топ заяваў Макея на саміце «Усходняга партнёрства»


24 лістапада ў Бруселі прайшоў V саміт «Усходняга партнёрства», на якім Беларусь прадставіў міністр замежных спраў Уладзімір Макей. Belsat.eu сабраў топ актуальных выказванняў кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства, што прагучалі сёння ў кулуарах саміту.

«Зробім усё магчымае і немагчымае для спынення канфлікту на ўсходзе Украіны»

Паводле слоў міністра, Беларусь «гатовая зрабіць усё магчымае і немагчымае для спынення канфлікту на ўсходзе Украіны». Што ж тычыцца нядаўняй дыскусіі наконт гатоўнасці Беларусі накіраваць туды міратворчы кантынгент, Макея адзначыў:

«Я сказаў, што мы гатовыя накіраваць міратворцаў на Данбас, калі гэта будзе прымальна для ўсіх зацікаўленых бакоў. Размовы на гэты конт вядуцца ў Нью-Ёрку ў рамках Рады Бяспекі ААН. Мы не можам дыктаваць сваю волю камусьці з зацікаўленых бакоў, мы толькі казалі пра гіпатэтычную магчымасць і пра тое, што мы гатовыя будзем накіраваць нашых міратворцаў, калі гэта будзе прымальна для ўсіх бакоў ».

«Дыгіталізацыя эканомікі – гэта наша будучыня»

Беларусь на пляцоўцы «Усходняга партнёрства» мае намер актыўна прасоўваць ініцыятыву лічбавай эканомікі.

«Дыгіталізацыя эканомікі (хтосьці кажа аб індустрыі 4.0, мы таксама займаемся гэтай тэмай) – гэта наша будучыня. Рыхтуецца нарада на ўзроўні кіраўніка дзяржавы, якае, я перакананы, зробіць працу ў IT-сфера яшчэ больш прывабнай у Беларусі«, – сказаў Макей журналістам.

Дыгіталізацыя (ацыфроўка) эканомікі – гэта масавае прымяненне лічбавых паслуг спажыўцамі, прадпрыемствамі і ўрадам краіны.

Міністр таксама падкрэсліў важнасць супрацы з Еўразвязам у межах гэтай ініцыятывы.

Не дапусціць «антырасейскіх пасажаў»

Паводле слоў Уладзіміра Макея, адным з самых галоўных вынікаў цяперашняга саміту з’яўляецца тое, што «ніякія антырасейскія пасажы не ўтрымліваюцца ў заключнай дэкларацыі саміту «Усходняга партнёрства», да якога Расея практычна не мае ніякага прамога дачынення».

«Уключаць у дэкларацыю нейкія пасажы з выкрываннем Расеі было б, з нашага пункту гледжання, недарэчна. Рады, што такі пункт гледжання ўзяў верх, і лічым, што гэта абсалютна правільны падыход, накіраваны ў будучыню. Няма ніякага іншага шляху для вырашэння ў цяперашняй канфрантацыі паміж Усходам і Захадам, акрамя дыялогу», – сказаў міністр.

Пры гэтым ён адзначыў, што ад прадстаўнікоў асобных дзяржаў гучала крытыка на адрас Расеі ў сувязі з анексіяй Крыму і канфліктам на Данбасе.

Новага пагаднення аб супрацоўніцтве Беларусі і ЕЗ варта чакаць неўзабаве

Макей перакананы ў станоўчай перспектыве хуткага заключэння базавага пагаднення аб супрацоўніцтве Беларусі з Еўразвязам.

Ён выказаў меркаванне, што нічога не перашкаджае заключэнню падобнага пагаднення, але кожнаму з бакоў неабходна рабіць далейшыя крокі.

«Разуменне аб неабходнасці заключэння гэтага пагаднення, як мне здаецца, ёсць», – падкрэсліў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства.

Пакуль жа стасункі Беларусі і ЕЗ фармальна рэгулююцца пагадненнем, якое было заключана яшчэ ў часы СССР.

«Усе краіны постсавецкай прасторы заключылі ў свой час так званае пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕЗ. Гэта базавае пагадненне, якое вызначае базавыя прынцыпы супрацоўніцтва, інстытуцыйныя рамкі, стварае салідную юрыдычную аснову з той ці іншай краінай і ЕЗ. На жаль, з-за розных прычын у нас такой дамовы няма.

Таму можна казаць пра тое, што на сённяшні дзень Беларусь мае адносіны з ЕЗ, якія па сваім узроўні нашмат ніжэй, чым адносіны іншых краін з ЕЗ. Папракаць нас у тым, што мы стрымгалоў нібыта бяжым у ЕЗ, парушаючы нейкі абавязацельствы, могць толькі маргінальныя непаўнацэнныя людз», – зазначыў Макей, адказваючы на пытанні журналістаў падчас прэс-канферэнцыі.

Паводле слоў міністра, на саміце ў Бруселі таксама абмяркоўваліся прыярытэты партнёрства з ЕЗ да 2020 года. Гэты дакумент цяпер знаходзіцца на ўзгадненні бакоў.

Асобна міністр Макей падкрэсліў, што «разлічвае на незваротны характар працэсу нармалізацыі стасункаў Беларусі і ЕЗ».

Выніковая дэкларацыя адпавядае чаканням Беларусі

Галоўным здабыткам саміту, які, паводле слоў Макея, «прайшоў на пазітыўнай ноце», стала прынятая па выніках дэкларацыя – без канфрантацыйнай рыторыкі.

«Гэта быў адзін з самых паспяховых самітаў. Таму што ўпершыню за апошнія гады была прынятая без асаблівых спрэчак заключная дэкларацыя саміту. Дэкларацыя, як мы ў свой час і прапаноўвалі нашым партнёрам, адпавядае нашым чаканням, яна накіраваная ў цэлым у будучыню.

У тым плане, што яна не ўтрымлівае канфрантацыйнай рыторыкі, не накіраваная супраць трэціх дзяржаў, якія таксама пільна глядзяць за развіццём ініцыятывы «Усходняе партнёрства» – рэзюмаваў міністр.

KA. belsat.eu, паводле belta.by, tut.by

 

Стужка навінаў