Міраслава Лазоўскага пераводзяць на Валадарку


Пра гэта паведаміла грамадская актывістка Ніна Шыдлоўская.

21 сакавіка каля 19.00 Лазоўскага затрымалі людзі ў цывільным. Яго, моцна збітага і акрываўленага, прывезлі каля 20:00 дадому, дзе распачаўся вобшук. У Лазоўскага канфіскавалі спартовы рыштунак і нават сувенірныя нажы.

КДБ распачаў крымінальную справу па факце навучаньня і падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. КДБ назваў Міраслава Лазоўскага кіраўніком «Белага легіёну».

За некалькі дзён да Дня Волі Лазоўскі паведаміў, што ягоны профіль у фэйсбуку быў узламаны. Невядомая асоба ад ягонага імя распаўсюджвала інфармацыю пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі 25 сакавіка.

Да затрымання Лазоўскі працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх мітынгаў і шэсцяў у 1996-1999 гадах. Арганізацыя працавала падпольна і спыніла сваё існаванне на пачатку 2000-х.

8 лютага Міраслаў Лазоўскі быў госцем Белсату, у студыі Размовы Мацкевіча ён заявіў, што нацыяналісты «выканаюць каманду Лукашэнкі на супраціў» любому агрэсару.

«За Лукашэнку біцца нам адназначна не прыйдзецца. А вось за Беларусь – так. Верагодна, што на нейкім этапе інтарэсы Лукашэнкі і Беларусі будуць супадаць. І калі мы апынёмся з ім па адзін бок барыкадаў – значыць, апынёмся», – казаў Лазоўскі.

Ніна Шыдлоўская нагадвае, што ў Міраслава 10 ліпеня – Дзень нараджэння, і заахвочвае дасылаць затрыманаму паштоўкі.

ДД

Стужка навінаў