Мір у Карабаху, сутыкненні ў Ерэване: што сёння адбывалася ў Арменіі ды Азербайджане


Азербайджан і Арменія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім Баку атрымлівае вялікую частку Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), а таксама ўсе азербайджанскія раёны, якія раней былі занятыя войскамі НКР. Пагадненне пачало дзеяць з 00:00 10 лістапада. У Ерэване пачаліся пратэсты.

Вайне – канец

Ваенныя дзеянні ў Карабаху цалкам спыніліся, заявіла прэс-сакратар Міністэрства абароны Арменіі Шушан Стэпанян.

Галоўныя пункты мірнай дамовы

Трохбаковая заява Азербайджана, Арменіі і Расеі складаецца з наступных асноўных параграфаў:

  • Азербайджан захоўвае ўсе, што паставіў пад кантроль збройнай сілай за апошнія тыдні, а таксама ўсе тэрыторыі, якія не ўваходзілі ў склад НКР да 1991 года.
  • На лінію фронту ўваходзяць расейскія міратворчыя войскі. Таксама яны будуць ахоўваць т.зв. Лачынскі калідор шырынёй 5 км, які будзе звязваць НКР з Арменіяй.
  • Азербайджан атрымлівае калідор праз Арменію да сваёй Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Калідор таксама будуць ахоўваць расейцы.
  • Уцекачы вяртаюцца на тэрыторыю Нагорнага Карабаху пад кантролем ААН. Адбываецца абмен затрыманымі, ваеннапалоннымі, целамі загінулых.

Мапа верагоднага размежавання ў Карабаху па выніках падпісанага дакументу выглядае так:

Бунт і боль у Ерэване

Апазіцыя ў Арменіі адразу пасля паведамлення пра спыненне баявых дзеянняў захапіла шэраг урадавых будынкаў, называючы пагадненне з Баку «здрадай». Пачалі гучаць патрабаванні адстаўкі прэм’ер-міністра краіны Нікола Пашыняна.

Сам Нікол Пашынян заявіў, што пайшоў на мір па просьбах уласных генералаў. «Я прыняў рашэнне пасля таго, як войска доўгі час казала пра неабходнасць такога кроку».

Прэзідэнт непрызнанай НКР Араік Аруцюнян патлумачыў рашэнне спыніць баявыя дзеянні пагрозай страты ўсёй тэрыторыі НКР.

«Мы былі вымушаныя пайсці на рашэнне спыніць карабахскую вайну. Калі б баявыя дзеянні працягнуліся», то праз некалькі дзён мы б страцілі ўвесь Арцах (Карабах), мелі б больш ахвяраў», – сказаў ён.

Свята ў Азербайджане

Азербайджан святкуе перамогу. Ён вярнуў вялікую частку тэрыторыі і атрымаў іншыя значныя саступкі, заявіў кіраўнік краіны Ільгам Аліеў у прамове да жыхароў Азербайджана.

Аліеў таксама адзначыў, што ў падпісаным дакуменце пра спыненне агню няма ніякага прызнання статуса НКР:

«Статус пайшоў да чорта, праваліўся, разляцеўся на кавалкі, няма яго і не будзе… Мы вяртаемся на нашу Радзіму, у родны Карабах, Шушу, якая зʼяўляецца каронай Карабаха, і заўсёды будзем жыць на гэтых землях!».

Азербайджанцы ў Азербайджане і дыяспарах за мяжой пачалі святкаваць перамогу.

Турцыя – гулец на Каўказе

Сёння Міністэрства абароны Расеі і Турцыі падпісваюць спецыяльнае пагадненне пра стварэнне сумеснага цэнтру маніторынгу за рэжымам спынення агню ў Нагорным Карабаху, паведамілі медыі.

Пра гэта ўскосна сведчыць тэкст відэаканферэнцыі Аліева і Пуціна, апублікаваны на сайце прэзідэнта Азербайджанаю

«Адным з пунктаў сённяшняй заявы зʼяўляецца сумесная міратворчая місія Расеі і Турцыі», – адзначаў у размове з прэзідэнтам РФ Пуціным Аліеў.

Пры гэтым прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што знаходжанне турэцкіх міратворцаў у самім Карабаху не прадугледжана падпісаным пагадненнем.

belsat.eu

Стужка навінаў