Мінздароўя: «Пасля новага году колькасць хворых на COVID-19 будзе змяншацца»


Галоўны санітарны лекар Беларусі Аляксандр Тарасенка ў эфіры тэлеканалу ОНТ заявіў, што ўжо цяпер Беларусь знаходзіцца на плато. А літаральна пасля святаў колькасць хворых пачне імкліва зніжацца.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Намеснік міністра здароўя і галоўны санітарны лекар Беларусі Аляксандр Тарасенка ў інтэрв’ю тэлеканалу ОНТ распавёў, што Беларусь ужо знаходзіцца на плато па колькасці захворванняў COVID-19.

«Вядома, рана пра гэта казаць, але, я думаю, што мы ўжо выйшлі на стабільны ўзровень захворвання, і ў залежнасці ад таго, як пройдуць святочныя выхадныя дні – Новы год, Каляды, можна будзе казаць ужо аб паступовым зніжэнні захворвання насельніцтва па ўсёй рэспубліцы».

Але пакуль што Мінздароўя не адмяняе масачныя рэжымы і заклікае беларусаў захоўваць сацыяльную дыстанцыю. Таксама спадар Тарасенка адзначае, што Беларусь пайшла правільным шляхам у барацьбе з пандэміяй.

«У кожнай краіны свае падыходы, хтосьці ідзе на так званы локдаун або сыходзіць цалкам на каранцін. Але, вядома ж, меры, якія на сённяшні дзень прымаюцца ў Беларусі, я лічу, яны і правільныя, і эфектыўныя».

Паводле афіцыйных звестак ад Мінздароўя, у Беларусі ўжо цягам некалькі тыдняў захоўваецца даволі стабільны прырост новых выпадкаў COVID-19. Ён трымаецца на ўзроўні 1900 выпадкаў штодзень.

Агулам у краіне зарэгістравана больш за 185 тысячаў хворых.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў