Мінздароўя і МУС адказваюць на пытанні наконт эпідэміі каронавіруса. Стрым


Прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, а таксама галоўны інфекцыяніст краіны Ігар Карпаў і прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава адказалі на найбольш актуальныя пытанні па сітуацыі з COVID-19.

Намесніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан паведаміла, што да канца красавіка ў Беларусь паступяць тэсты на антыцелы да каронавірусу. Пасля іх тэставання будзе прынята рашэнне аб іх выкарыстанні – у тым ліку, ці змогуць грамадзяне па ўласным жаданні атрымаць да іх доступ.

Ігар Карпаў распавёў, што каронавірусная інфекцыя часцей за ўсё дае ўскладненне ў выглядзе дыхальнай недастатковасці. Таксама сустракаюцца па-за лёгачныя ўскладненні, звязаныя з праблемамі з артэрыяльным ціскам, нырковай недастатковасці ды інш. Ускладненні неўралагічнага характару амаль не фіксуюцца.

Як распавёў Карпаў, пацыентам, у якіх захворванне працякае ў цяжкай форме, неабходна да 16 гадзін у содні ляжаць на жываце. Гэта трэба, каб чалавеку было лягчэй дыхаць.

Іна Карабан падкрэсліла, што пацыенты з каронавірусам, якія лечацца амбулаторна, павінны знаходзіцца дома і не выходзіць на вуліцу зусім. У кватэры, дзе жыве каронавірусны хворы, трэба рэгулярна праводзіць вільготную ўборку. Усе гаджэты ў доме трэба абавязкова праціраць.

Што варта і што не варта есці падчас пандэміі

Галоўны пазаштатны дыетолаг Міністэрства аховы здароўя Кацярына Пратасава распавяла пра тое, ад якіх прадуктаў варта адмовіцца, каб не аслабляць імунітэт. У прыватнасці, не варта ўжываць фастфуд, паменшыць або адмовіцца ад солі, мінімізаваць ужыванне цукру.

Пратасава рэкамендуе есці мяса, рыбу, бабовыя, арэхі, гародніну і фрукты (не менш за 400 грамаў гародніны і 2-3 фрукта на дзень). Трэба піць больш вады (4-5 шклянак пітной вады), можна піць гарбату ці каву. Варта ўжываць прыкладна 20 грамаў сметанковага масла штодзень, есці тлустую рыбу або ільняную алею.

Падвышаны попыт на часнык, імбір і лімоны на фоне пандэміі Пратасава называе «маркетынгавай спекуляцыяй». Паводле яе, няма дакладных даследаванняў наконт таго, што імбір або лімон кагосьці вылечыў ад каронавіруса. Тыя карысныя вітаміны, якія знаходзяцца ў гэтых прадуктах, можна замяніць іншымі карыснымі для імунітэту прадуктамі.

Міліцыянтам рэкамендавалі насіць маскі і пальчаткі

Прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава паведамляе, што міліцыянтам рэкамендавана насіць у грамадскіх месцах сродкі індывідуальнай абароны – медычныя маскі і пальчаткі. Паводле яе, міліцыянты стараюцца прытрымлівацца гэтых рэкамендацыяў. Чамаданава прызнала, што некаторыя працаўнікі МУС таксама заразіліся каронавірусам. Аднак лічбу інфікаваных у міліцыі яна не агучыла.

За мінулыя содні міліцыя праверыла 10 432 чалавек, якія знаходзяцца на самаізаляцыі. З іх 530 адсутнічалі на момант праверкі, але гэтых людзей хутка знайшлі – яны не сышлі далёка ад месца пражывання. 29 грамадзянаў не знайшлі зусім.

Ёсць прыклады, калі за парушэнне самаізаляцыі прыцягвалі да адміністратыўнай адказнасці. Усяго складзены больш за 200 адміністратыўных пратаколаў. Самы вялікі штраф, які быў накладзены – 45 базавых велічыняў.

Hавiны
Урад Беларусі зацвердзіў умовы рэжыму самаізаляцыі
2020.04.09 09:09

Чамаданава нагадала, што ў выпадку крайняй неабходнасці чалавек можа выходзіць у бліжэйшую краму або аптэку, калі ў яго няма магчымасці замовіць прадукты або лекі па інтэрнэту.

Прэс-сакратарка МУС заявіла, што сярод спецкантынгенту ў калоніях і следчых ізалятарах, а таксама сярод тых, хто знаходзіцца ў Лячэбна-працоўных прафілакторыях, няма захварэлых на каронавірус.

***

Нагадаем, па стане на 22 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 7281 выпадак каронавіруснай інфекцыі, 58 чалавек памерлі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў