Мінздароўя агучыла статыстыку заражэння COVID-19 па рэгіёнах. ВІДЭА


Найбольшая колькасць выпадкаў інфікавання COVID-19 зарэгістравана ў Менску і Віцебскай вобласці.

Статыстыку захворвання каронавірусам па рэгіёнах назвала намесніца міністра аховы здароўя Алена Богдан у стрыме з Нацыянальнага прэс-цэнтру.

Паводле Богдан, па стане на 14 красавіка зафіксаван 3281 выпадак каронавіруснай інфекцыі. У тым ліку:

  • 73 выпадкі інфікавання на Берасцейшчыне;
  • 151 на Магілёўшчыне;
  • 53 у Гарадзенскай вобласці;
  • 1691 у Менску;
  • 848 на Віцебшчыне;
  • 359 у Менскай вобласці.

Плюс 340-360 выпадкаў штодзень

Богдан заявіла, што штодзень у Беларусі рэгіструецца прыкладна аднолькавая колькасць выпадкаў інфікавання – 340-360. Яна прагназуе, што такая сітуацыя захаваецца цягам прыкладна 2-3 тыдня. «Мы прымаем усе меры для таго, каб не дапусціць імклівага, лавінападобнага росту», – падкрэсліла яна. Богдан сцвярджае, што 85% інфікаваных пераносяць хваробу «бессімптомна і лёгка».

«Нягледзячы на тое, што ў некаторых рэгіёнах у нас рэгіструюцца значна ніжэй лічбы, чым у горадзе Менску або Віцебскай вобласці, гэта абсалютна не значыць, што грамадзянам гэтых рэгіёнаў не трэба выконваць рэкамендаваныя Міністэрствам аховы здароўя меры. Перш за ўсё, меры па фізічным дыстанцыяванні, меры па апрацоўцы рук і меры па самаізаляцыі», – падкрэсліла Богдан.

Каронавірус у цяжарных

Паводле Мінздароўя, у Беларусі зарэгістравана 80 выпадкаў каронавіруса ў дзяцей і 10 у цяжарных жанчын.

Галоўны спецыяліст аддзелу медычнай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя Людміла Кеда пракаментавала сітуацыю з асаблівасцямі рэагавання на COVID-19 цяжарных жанчын.

«На дадзены момант няма пераканаўчых дадзеных, што цяжарныя жанчыны схільныя да большай рызыцы захворвання і смяротнасці ад каронавіруса», – падкрэсліла яна.

Людміла Кеда адзначыла, што пры гэтым кожная цяжарная жанчына павінна разглядацца як пацыентка высокай рызыкі, бо падчас цяжарнасці адбываюцца змены ў арганізме і імунітэце жанчыны. Паводле даследаванняў каронавірус можа прывесці да не выношвання цяжарнасці (імавернасць, каля 2 %), затрымкі развіцця плоду (10%) або заўчасных родаў (39%).

Hавiны
У Беларусі ад каронавіруса памерлі 33 чалавекі
2020.04.14 11:27

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў