Мінздароўя: 1967 выпадкаў COVID-19 за дзень. Частка шпіталяў вяртаецца да звычайнага рэжыму працы


Міністэрства аховы здароўя паведамляе, што за содні зарэгістравалі 1967 выпадкаў каронавіруснай інфекцыі, выпісаныя 2314 пацыентаў. Памерлі 10 асобаў.

З пачатку пандэміі зарэгістраваныя 219 663 выпадкі хваробы, а выздаравелі 202 446 чалавек.

За ўвесь час памерлі 1554 асобы. За мінулыя содні зрабілі 24 668 тэстаў, за ўвесь час – 4 191 207 тэстаў.

Міністэрства аховы здароўя таксама заявіла, што некаторыя шпіталі вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы, бо «захворванне COVID-19 ніжэйшае, чым чакалася».

Паводле звестак ведамства, перапрафіляваныя пад прыём пацыентаў з каронавірусам аддзяленні больніцаў Менскай вобласці неўзабаве вернуцца да звычайнага рэжыму працы. Усяго ў стацыянарах на Меншчыне для пацыентаў з COVID-19 перапрафілявалі 32 % ложкавага фонду. Найбольшая колькасць свабодных ложкаў цяпер налічваецца ў Менскім абласным супрацьтуберкулёзным дыспансеры, цэнтральных раённых шпіталях Салігорскага, Слуцкага, Стаўбцоўскага, Клецкага, Валожынскага, Маладзечанскага, Вялейскага і Уздзенскага раёнаў.

Для планавай працы з 25 студзеня адкрываюць і Менскую радзільню № 2, якую ў канцы 2020 года перапрафілявалі пад прыём пацыентаў з COVID-19.

Перасталі шпіталізаваць пацыентаў з каронавірусам у Менскую гарадскую гінекалагічную больніцу. Прыкладна з 19 студзеня ў шпіталі таксама пачнецца маштабнае санітарнае апрацоўванне, а з 25 студзеня плануюць яе адкрыць для планавай працы.

Таксама, паводле ведамства, да планавай працы, магчыма, вернуцца яшчэ два сталічныя шпіталі: Дзіцячая інфекцыйная больніца (датычна шпіталізацыі дарослых пацыентаў) і 1-я гарадская клінічная больніца.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў