Мінюст папярэдзіла партыю «Зялёныя». Хто наступны?


Міністэрства юстыцыі выявіла шэраг парушэнняў і дало «зялёным» час на іх выпраўленне да 31 снежня.

Сярод парушэнняў – адсутнасць абласных структур, невыкананне парадку справаздачнасці, а таксама за падпісанне сумеснай партыйнай рэзалюцыі аб неабходнасці новых выбараў і спынення гвалту – напісана ў загадзе за подпісам намесніка кіраўніка Мінюсту Мікалая Старавойтава.

Як адзначае Мінюст, у адпаведнасці з заканадаўствам партыя павінна мець структуры ў большасці абласцей Беларусі, але «устаноўлена, што Беларуская партыя «Зялёныя» па стане на 1 кастрычніка 2020 года не мае Менскае гарадской і абласных арганізацыйных структураў у большасці абласцей Рэспублікі Беларусь».

Міністэрства напісала таксама, што яму не прадстаўленыя спісы сябраў выбарных органаў (Цэнтральнага савету, кантрольна-рэвізійнай камісіі), абраных у студзені 2020 года, і што першасная арганізацыя № 1 партыі ў Чыгуначным раёне Гомлі не прадставіла інфармацыю аб працягу сваёй дзейнасці.

Беларуская партыя Зялёных.
Фота: greenbelarus.info

Нарэшце, у Міністэрстве юстыцыі зазначылі, што старшыня Беларускай партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук удзельнічаў у абмеркаванні грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, па выніках якога была «падпісаная рэзалюцыя, якая ўтрымлівае патрабаванні, якія не стасуюцца са статутнымі мэтамі дзейнасці Беларускай партыі».

Мінюст вынес папярэджанне і абавязаў ліквідаваць парушэнні да 31 снежня. Беларуская партыя «Зялёныя» збіраецца абскарджваць папярэджанне ў Вярхоўным судзе.

Загад правесці перарэгістрацыю партыяў Лукашэнка даў 16 верасня.

«Але мы ж разумеем, што гэта не партыі, калі дзесяць з іх адхіліліся ад сваіх статутаў, задач і патрабуюць новых выбараў. Даручаю міністру юстыцыі старанна паглядзець на ўсе партыі – ці адпавядаюць яны патрабаванням па колькасці, структуры, працуюць паводле свайго статуту. Трэба правесці іх перарэгістрацыю», – разважаў Лукашэнка.

Беларуская Партыя Зялёныя (БПЗ) была заснаваная 1 і зарэгістраваная ў 1994 г.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў