Мінула два гады, як не стала аднаго з айцоў руху за незалежнасць. Фільм «Белсату»


У студзені 2013 года з жыцця пайшоў гісторык і дысідэнт Міхась Чарняўскі, які жыў для Беларусі.

Гэты чалавек багата зрабіў, каб сапраўднымі беларусамі сталі тысячы землякоў. Выдатны палітык, гісторык, археолаг, пісьменнік. Адна з ключавых асобаў беларускага нацыянальнага руху, чалавек, які стаў сімвалам Другога беларускага Адраджэння, стаўшы яго неадменнаю часткаю – адкрывальнікам мінулага Радзімы, заснавальнікам нацыянальнага руху.

У савецкія часы ён быў сярод тых, хто прынцыпова размаўляў у Менску па-беларуску ды браў удзел у стварэнні падпольнага руху за незалежнасць.

[vc_single_image image=”2″ img_size=”large”]

Разам з Уладзімірам Караткевічам і Зянонам Пазняком быў удзельнікам супольнасці вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі «Акадэмічны асяродак», разгромленай у 1970-х гадах. Дысідэнта Чарняўскага пераследавалі не толькі за савецкім, але і за лукашэнкаўскім часам.

Міхась Чарняўскі нарадзіўся на Мядзельшчыне ў адной краіне, а праз 6 месяцаў апынуўся ў іншай… Ягоны бацька пхаў пальцам у грудзі малому, кажучы: «Ты – беларус! Паўтары: БЕЛАРУС!». Ён адказаў: «Белалус», – яшчэ не вымаўляючы «р».

Пра ягонае жыццё і дзейнасць словамі самога Міхася Чарняўскага, ягоных родных, сяброў і паплечнікаў распавядае дакументальная стужка Валерыя Мазынскага, знятая для «Белсату», – «І выберу Радзіму».

20 студзеня 2015 года а 18-й гадзіне ў Менску на сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3-39) адбудзецца вечарына памяці Міхася Чарняўскага, на якой пакажуць фільм «І выберу Радзіму…». На імпрэзе выступяць барды Таццяна Грыневіч і Андрэй Мельнікаў.

18 студзеня ў вёсцы Круці на Мядзельшчыне грэка-каталіцкі святар Яўген Усошын на магіле Міхася Чарняўскага асвяціў помнік, скульптар якога Алесь Шатэрнік.

Міхась Чарняўскі браў удзел у здымках дакументальных фільмаў «Белсату»: «Як пошуг Маланкі» пра супраціў савецкай уладзе з боку моладзі Беларусі ды «Няскораная» – пра лёс беларускай паэткі Ларысы Геніюш. Абедзве гісторыі беларускіх патрыётаў першым апісаў менавіта Міхась Чарняўскі.

Максім Ярашэвіч, belsat.eu

Стужка навінаў