Мінпрацы: у Беларусі дзявяты месяц запар скарачаецца беспрацоўе


У Беларусі дзявяты месяц запар скарачаецца колькасць беспрацоўных. На пачатак студзеня ў краіне было 22 863 афіцыйна беспрацоўных – такую лічбу назвалі TUT.BY у Мінпрацы. Гэта на 1283 чалавекі менш, чым на пачатак снежня мінулага года.

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на пачатак гэтага года склаў 0,5% (месяцам раней – 0,6%).

У службах занятасці на пачатак года была інфармацыя аб 53 864 вакансіях. Для параўнання: на пачатак снежня – 55 662 вакансіі.

«Людзям стала прасцей працаўладкавацца, павялічыўся попыт на працоўную сілу, зменшылася колькасць беспрацоўных. Таксама павялічылася колькасць беспрацоўных, якія працаўладкаваліся праз службы занятасці. Калі ў 2016 годзе гэта было 55% ад ліку тых, хто звярнуўся ў службы занятасці, то за 2017 год – 61%», – адзначыў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Мінпрацы Алег Токун.

Колькасць беспрацоўных у Беларусі скарачаецца дзявяты месяц запар.

Нагадаем, хоць у цэлым па краіне беспрацоўе скарачаецца, у некаторых рэгіёнах гэты паказчык расце. Больш за ўсё беспрацоўных дадалося ў Старадарожскім (+ 63,6%), Кіраўскім (+ 63,3%) і Дрыбінскім (+ 47,4%) раёнах. А вось больш за ўсё гэты паказчык скараціўся ў Бераставіцкім раёне (-41,7%), Хоцімскім (-31,8%) і Касцюковіцкім (-25,9%).

КА, belsat.eu

Стужка навінаў