Мінпрацы: Беларусь уваходзіць у першую трыццатку краінаў па паказніку гендарнай роўнасці


Пра гэта 5 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску заявіла намесніца кіраўніка аддзелу народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Мінпрацы Марына Арцёменка.

У якасці доказаў гендарнай роўнасці ў Беларусі чыноўніца прывяла вынікі апошніх парламенцкіх і мясцовых выбараў.

«Па выніках выбараў у 2016 годзе ў Нацыянальны сход доля жанчын узрасла і склала 33,7 % ад агульнай колькасці дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета рэспублікі. Папярэдні вынік быў 29,7 %. Па выніках нядаўна праведзеных выбараў у мясцовыя саветы абрана 18 110 дэпутатаў мясцовых саветаў усіх узроўняў і ў агульнай колькасці абраных дэпутатаў жанчыны складаюць 48,2 %», – адзначыла Арцёменка.

Прадстаўніца міністэрства таксама адзначыла, што Беларусь з’яўляецца адным з сусветных лідараў па долі дзяўчат сярод студэнтаў ВНУ (56 %), піша sb.by.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, 54,7 % кіраўнікоў дзяржорганаў і іхных намеснікаў – жанчыны.

У рэйтынгу ААН «Gender Inequality Index» Беларусь заняла 32-е месца (2015 год).

У дакладзе аб гендарным разрыве Сусветнага эканамічнага форуму Беларусь займае 30-е месца сярод 144 краінаў.

Крыніца: reports.weforum.org

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў