Мінлясгас: у Курапатах знеслі толькі незаконныя крыжы


Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі адказала на калектыўны зварот адносна крыжалому ў Курапатах. Пад петыцыяй з патрабаваннем растлумачыць падставы зносу крыжоў і спыніць гэтыя дзеянні падпісаліся больш за 2400 чалавек.

Hавiны
Абаронцы крыжоў у Курапатах мусяць заплаціць штраф $ 3000
2019.04.18 19:03

У міністэрстве паведамілі, што з 4 да 9 красавіка ва ўрочышчы Бараўлянскі лясгас праводзіў «планавыя працы добраўпарадкавання ляснога фонду». У прыватнасці, супрацоўнікі арганізацыі ўсталявалі агароджу на мяжы ахоўнай зоны ды дэмантавалі крыжы.

«Быў учынены дэмантаж выключна незаконна ўсталяваных збудаванняў (крыжоў). Разам з тым, усе збудаванні, усталяваныя з выкананнем заканадаўства, захаваныя», – гаворыцца ў адказе.

Як адзначыў міністр Віталь Дрожа, працы ў Курапатах праводзіліся на падставе Праекту зоны аховы ўрочышча і пастановы Савету міністраў ад 17 верасня 2018 года № 675, а таксама ў межах праекту добраўпарадкавання, заказчыкам якога выступае Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Hавiны
Святлана Алексіевіч: У Курапатах павінныя быць не сотні, а сотні тысячаў людзей
2019.04.15 15:50

Нагадаем, што пытанне зносу ў Курапатах падчас паслання 19 красавіка пракаментаваў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. «Дзесьці крыжы знеслі – няма большай у вас праблемы. Разбярыцеся, хто гэтыя крыжы ставіў і хто ім дазваляў», – заявіў ён.

Пры гэтым крыжалом адбыўся менавіта праз месяц пасля таго, як Лукашэнка заявіў пра сваю незадаволенасць курапацкімі крыжамі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў