Мінкульт: Змена ахоўных межаў Курапатаў на значнасць месца памяці не ўплывае


У Міністэрстве культуры патлумачылі, чаму ў 2014 змянілі ахоўныя межы мемарыялу «Курапаты».

У ведамстве распавялі, што ў 2013 годзе, пасля распрацоўкі горадабудаўнічай дакументацыі стадыі «Дэталёвы план», узнікла «абʼектыўная неабходнасць актуалізацыі і перапрацоўкі, абумоўленая некалькімі фактарамі». На думку чыноўнікаў міністэрства, наяўная зона аховы не адпавядала патрабаванням закону «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны», які ўступіў у сілу ў 2006 годзе.

«Дэталёвы план» фармальна адмяняў дзеянне распрацаванай схемы зонаў аховы. Акрамя таго, будаўніцтва МКАД на ўчастку ўрочышча Курапаты і іншая горадабудаўнічая дзейнасць на прылеглай тэрыторыі прывялі да змены характару навакольнага асяроддзя і планіровачнай структуры. Гэта з улікам ініцыяванай на розных узроўнях (у тым ліку Савету Міністраў) неабходнасці перагляду рэгламентаў выкарыстання тэрыторыі абʼектыўна сведчыла пра патрэбы распрацоўкі актуальнага праекту зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці», – адзначылі ў міністэрстве.

Вынікі археалагічных даследаванняў Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, а таксама архіўныя ды бібліяграфічныя даследаванні сталі падставай для ўсталявання межаў зонаў аховы мемарыялу «у горадабудаўнічай сітуацыі, якая склалася», упэўненыя ў Мінкульце.

Глядзіце таксама:

Чыноўнікі нагадалі, што межы зонаў аховы былі зацверджаныя 1 снежня 2014 года на падставе прадстаўленай распрацоўшчыкамі (УП «Минскградо», ІП Гліннік В.В.) навукова-праектнай дакументацыі.

«Усталяваныя межы зонаў аховы ніякім чынам не прыводзяць да страты адметных асаблівасцяў і значнасці месца памяці. Акрамя таго, прынятае рашэнне дазваляе вырашыць горадабудаўнічыя задачы і забяспечыць стварэнне ўезду на тэрыторыю, прызначаную для стварэння мемарыяльнай зоны. Праектныя прапановы па стварэнні мемарыяла былі папярэдне разгледжаныя сумесна з Менгарвыканкамам», – адзначылі ў Міністэрстве культуры.

У сувязі з тым, што ўчастак па вул. Мірашнічэнка, 49 (дзе нядаўна адбывалася скандальная будоўля) размешчаны за межамі зонаў аховы гісторыка-культурнай каштоўнасці, прыняцце рашэнняў па магчымасці будаўніцтва на ім знаходзіцца за межамі кампетэнцыі Міністэрства культуры, заключылі ў ведамстве.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў