Міністра абароны Вялікай Брытаніі звольнілі праз уцечку інфармацыі пра перамовы з Huawei


Кіраўнік брытанскага Міністэрства абароны Гэвін Ўільямсан адпраўлены ў адстаўку па выніках расследавання ўцечкі інфармацыі з закрытых перамоваў Рады нацыянальнай бяспекі, на якіх абмяркоўваліся перспектывы супрацы з кітайскай кампаніяй Huawei у стварэнні сетак 5G.

Яго пераемнікам прызначаная цяперашні міністр міжнароднага развіцця Пені Мордант, якая стане першай жанчынай на гэтай пасадзе ў Брытаніі.

Уцечка адбылася 24 красавіка. Праз яе стала вядома, што прадукцыя Huawei будзе выкарыстоўвацца ў канструкцыі «некрытычных» кампанентаў сетак сувязі 5G. Маецца на ўвазе, што Huawei не будзе пастаўляць абсталяванне, якое здольнае ідэнтыфікаваць мабільныя прылады і вырашаць, як і куды накіроўваць тэлефонныя званкі і перадаваць дадзеныя.

Супраць супрацы Брытаніі з кітайскай кампаніяй актыўна выступалі ЗША і некаторыя міністры – яны лічылі, што гэта можа стаць пагрозай нацыянальнай бяспекі краіны.

Уцечка выклікала сапраўдны скандал у брытанскіх СМІ, паколькі пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі – месца сустрэчы міністраў, так ці інакш адказных за бяспеку краіны – строга канфідэнцыйныя.

Сам Ўільямсан зняпраўджвае, што быў крыніцай уцечкі. Аднак, як гаворыцца ў лісце прэм’ер-міністра Тэрыса Мэй аб адстаўцы Ўільямсана, «іншы верагоднай версіі таго, як здарылася ўцечка, не ўстаноўлена».

Hавiны
Мінабароны Вялікай Брытаніі прагназуе пашырэнне ўплыву Расеі ў свеце
2018.10.16 10:22

ІІ belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў