Міністр замежных справаў: «Трэба больш размаўляць на беларускай мове»


Уладзімір Макей даў беларусам такую параду, адказваючы на пытанні журналіста svaboda.org падчас урачыстасцяў у Празе, прысвечаных 500-ым угодкам выдання скарынаўскай Бібліі.

«Усё залежыць ад самога чалавека. Калі ты беларус, калі разумееш, што без мовы ня можа быць краіны – будзе і мова жыць, і краіна развівацца. Але нічога не павінна рабіцца штучна, а павінна ісці ад душы, ад сэрца. МЗС спрабуе зрабіць свой унёсак у развіццё беларускай мовы. Напрыклад, пазаўчора мы ў Мадрыдзе правялі выдатнае мерапрыемства: іспанская дзяўчына пераклала на іспанскую мову Максіма Багдановіча, выдатна гаворыць па-беларуску – гэта прыклад для многіх беларусаў, якія саромеюцца, магчыма, размаўляць па-беларуску. Трэба больш размаўляць на беларускай мове. Мы спрабуем гэта рабіць у нашым міністэрстве і заахвочваць людзей. Але ўсё павінна ісці ад душы, ад сэрца».

У Празе праходзіць міжнародны сімпозіум «Францішак Скарына і Прага», арганізаваны Нацыянальнай бібліятэкай Чэхіі, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і амбасадай Беларусі ў Празе.

ЮВ, belsat.eu, паводле svaboda.org

Стужка навінаў