Міністр спорту нагадаў футбольным клубам пра свае абавязкі


Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Сяргей Кавальчук правёў сустрэчу з кіраўніцтвам Асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» (АБФФ) і футбольных клубаў. Міністр нагадаў клубам, што яны абавязаныя адпускаць гульцоў у нацыянальную зборную і прыгразіў скарачэннем фінансавання.

Пра гэта паведамляе прэс-служба міністэрства.

Нагодай для сустрэчы стала рашэнне клубаў БАТЭ (Барысаў), «Шахцёр» (Салігорск) і «Дынама-Берасце» не адпускаць шэраг сваіх гульцоў у распараджэнне нацыянальнай каманды для ўдзелу ў таварыскіх матчах супраць зборных Узбекістана і Балгарыі.

На сустрэчы Сяргей Кавальчук нагадаў, што спартовае аб’яднанне футбольных клубаў, рэгіянальных федэрацыяў футбола і іншых арганізацыяў, абавязана дзейнічаць у рамках прававога поля. Міністр, у прыватнасці, спаслаўся на Працоўны кодэкс, Закон «Аб фізічнай культуры і спорце», а таксама Указ Лукашэнкі «Аб нацыянальных і зборных камандах рэспублікі Беларусь па відах спорту».

«Уважліва вывучыўшы гэтыя дакументы, вы зразумееце, што клубы не ў праве дзейнічаць па прынцыпе «Хачу – выконваю, не хачу – ня выконваю рашэнне федэрацыі». Вы абавязаныя накіроўваць гульцоў у нацкаманду для ўдзелу ў спаровых мерапрыемствах, уключаючы вучэбна-трэніровачныя зборы. Розначытанняў быць не можа», – падкрэсліў міністр.

«Нарэшце ў беларускай зборнай зʼявіўся ўнікальны шанец адабрацца на чэмпіянат Еўропы. Трэба зрабіць два апошнія крокі: 26 сакавіка згуляе на выездзе супраць зборнай Грузіі і 31 сакавіка дома паспрачацца за адзіную пуцёўку на Еўра-2020 з пераможцам пары Паўночная Македонія – Косава. Сёння не час высвятляць адносіны, хто лепш разбіраецца ў футболе. Трэба абʼяднаць высілкі з тым, каб упершыню ў гісторыі трапіць на еўрапейскае спаборніцтва», – сказаў Кавальчук.

Ён таксама нагадаў, што ў выпадку нявыхаду ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы футбол будзе выключаны з пераліку прыярытэтных відаў спорту на 2021 год. А гэта значыць, абʼём фінансавых сродкаў, што выдзяляюцца для забеспячэння падрыхтоўкі і ўдзелу беларускіх спартоўцаў у міжнародных спаборніцтвах будзе скарочаны.

Паседжанне было закрытым для прэсы і цягнулася менш за гадзіну: фактычна мерапрыемства звялося да звароту міністра спорту да клубаў. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Міхаіл Мархель у інтэрвʼю pressball.by адзначыў:

«Як такой дыскусіі не было. Нараду вёў Сяргей Міхайлавіч Кавальчук, які звярнуўся да клубаў. Пра што казаў? Пра тое, што нацыянальная зборная – вяршыня футбольнай піраміды ў краіне, і трэба ўлічваць яе інтарэсы. Акцэнтаваў увагу на тым, што ў нашым відзе спорту не так шмат добрых вынікаў, а ў зборнай ёсць магчымасць дамагчыся гістарычнага дасягнення і выйсці на чэмпіянат Еўропы. Яшчэ і таму, што дзяржава марнуе пэўныя і немалыя сродкі на дапамогу клубам. То бок закраналася пытанне дзяржпадтрымкі.

Але нейкага рашэння прынята не было. Яно па-ранейшаму застаецца за клубамі. Усё залежыць ад таго, ці зменяць яны свае рашэнні. Ці далі магчымасць аргументаваць пазіцыю нацыянальнай каманды? Не, казаў пераважна міністр. Цяпер слова за клубамі. Мы свае пажаданні выказалі яшчэ раней».

Hавiны
Чэшскі трэнер распавёў пра бізнес-сувязі Віктара Лукашэнкі
2020.01.02 11:42

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў