Міністр сельскай гаспадаркі вінаваціць Рассельгаснагляд у падтасоўках


Пра гэта ў эфіры тэлеканалу ОНТ заявіў міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Леанід Заяц.

«Ідзе неабгрунтаванае абвінавачванне з боку спецыялістаў Рассельгаснагляду, гэта праяўляецца на прыкладзе малочных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў птушкагадоўлі. Я б нават сказаў, што можа і падтасоўваюцца вынікі лабараторных даследаванняў», – сказаў Заяц.

Паводле кіраўніка ведамства, беларускія чыноўнікі павінны больш актыўна абараняць інтарэсы Беларусі.

9 чэрвеня Менск і Масква дамовіліся зняць узаемныя абмежаванні па пастаўках малочнай прадукцыі. Рассельгаснагляд і дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Беларусі падпісалі адпаведную «дарожную мапу» па працэдуры зняцця абмежаванняў.

Часовыя абмежаванні на пастаўку некаторых відаў малака і малочнай прадукцыі з Беларусі Рассельгаснагляд увёў з 6 чэрвеня.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў