Міністр камунікацыяў Латвіі заявіў, што яго краіна можа пастаўляць нафту ў Беларусь


Міністр камунікацыяў Латвіі Таліс Лінкайтс заявіў, што яго краіна мае тэхнічную магчымасць і неабходную інфраструктуру для таго, каб перапампоўваць нафту праз свае парты ў Беларусь. Заява прагучала ў эфіры АНТ.

«Тэхнічна мы маем усю неабходную інфраструктуру, дзеля таго каб перапампоўваць нафту праз Латвію ў Беларусь і назад – у абодвух кірунках. Нашыя прадпрыемствы працуюць над тым, як зрабіць Беларусі прапанову самым лепшым чынам», – сказаў міністр камунікацыі Латвіі Таліс Лінкайтс.

Міністр таксама адзначыў, што яго краіны можа распачаць перапампоўванне нафты пасля таго, як бакі абмяркуюць умовы і дамовяцца пра тарыфы.

Раней у Польшчы заявілі, што тэхнічна магчыма дастаўка нафты з Гданьску па нафтаправодзе «Дружба» у рэжыме рэверсу.

З 1 студзеня Расея спыніла пастаўкі нафты, пасля чаго Беларусь адмовілася ад экспарту нафтапрадуктаў, каб забяспечыць унутраныя патрэбы. Цяпер сыравіну з Расеі ў Беларусь пампуе толькі кампанія «Сафмар», якая належыць Міхаілу Гуцэрыеву – сябру Лукашэнкі.

Аляксандр Лукашэнка даручыў вывучыць магчымасць паставак нафты з іншых краінаў. 14 студзеня віцэ-прэм’ер Беларусі Дзмітрый Круты паведаміў, што Беларуская нафтавая кампанія (БНК) накіравала камерцыйныя прапановы па набыцці нафты ў Польшчу, краіны Балтыі, Украіну, Азербайджан і Казахстан.

Hавiны
Чацвёртая нафтавая. Як, калі і навошта Лукашэнка ваюе з Расеяй
2020.01.15 08:12

СК belsat.eu

Стужка навінаў