Міністр фінансаў Максім Ермаловіч: Беларусь – у стане пікавых выплатаў


Падчас Кастрычніцкага эканамічнага форума кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян распавёў пра найбольш важныя праблемы беларускай эканомікі.

Паводле прадстаўніка МВФ, доля Расеі ў экспарце-імпарце беларускай эканомікі надта высокая. Большасць крыніцаў вонкавага фінансавання Беларусі таксама звязаныя з Расеяй. Расейскія субсідыі Беларусі у сферы энерганосьбітаў складаюць каля 10% ВУП, што з’яўяцца вельмі істотнай лічбай. Адпаведна, плануемая змена падаткавай палітыкі РФ можа моцна паўплываць на развіццё эканомікі Беларусі, лічаць у МВФ.

«Беларусь у высокай ступені залежная ад Расеі», – канстатуе Міньян.

Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Паводле Міньяна, у Беларусі застаецца невырашанай праблема неэфектыўнасці дзяржаўнага сектару эканомікі.

«За апошнія 10 гадоў Беларусь стала краінай, якая найбольш марудна расце ў рэгіёне. Такім чынам, мы мяркуем, што сістэма становіцца ўсё больш і больш неэфектыўнай», – адзначыў ён.

Таксама вельмі марудна растуць даходы беларускага насельніцтва, дадаў прадстаўнік МВФ.

На думку Міньяна, беларускі ўрад мусіць турбаваць высокая даларызацыя эканомікі, рост дзяржаўнага доўга і недахоп у Беларусі залатавалютных рэзэрваў, якія цяпер складаюць толькі 50-60% ад бяспечнага ўзроўню.

Прадстаўнік МВФ падкрэсліў: Беларусі патрэбна стымуляванне прыватнага сектару і рэформа дзяржаўных прадпрыемстваў.

Пры гэтым Міньян прызнае, што ў апошнія гады беларуская эканоміка дэманструе пазітыўную дынаміку, а сённяшні ўзровень інфляцыі эксперт назваў «гістарычным рэкордам для Беларусі».

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Міністр фінансаў Максім Ермаловіч падчас свайго выступу канстатаваў у сваю чаргу, што Беларусь ужо некалькі гадоў знаходзіцца ў стане «пікавых выплатаў па вонкаваму доўгу», што стварае сур’ёзную нагрузку на бюджет краіны. Пры гэтым амаль траціна выдаткаў на крэдыты – гэта выдаткі на абслугоўванне (то бок выплата працэнтаў па запазычанасцях).

Паводле Ермаловіча, у сярэднетэрміновай перспектыве неабходнасць у рэфінансаванні крэдытаў Беларусі складае $ 1,5 млрд штогод.

«Гэта тыя рэсурсы, якія трэба штогод прыцягваць. Што тычацца крыніцаў, што мы адчуваем сябе больш камфортна чым 3-4 гады таму. Беларусь нарэшце выйшла з перыяду санкцыяў і цяпер мае доступ на еўрапейскі і амерыканскія рынкі капіталу. Гэта дазваляе дыферынцыраваць крыніцы рэфінансавання доўга», – падкрэсліў Ермаловіч.

Намеснік старышні праўлення Нацбанку Сяргей Калечыц. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банку Сяргей Калечыц пагадзіўся з прадстаўніком МВФ, што праблема з высокім узроўнем даларызацыі сапраўды існуе. Паводле яго, да паловы крэдытаў і больш за 70% дэпазітаў насельніцтва Беларусі захоўваюцца ў валюце, хаця апошнім часам гэтыя паказчыкі зніжаюцца. «Таксама трэба павялічваць нашыя рэзервы і даводзіць іх да нармальнага ўзроўню», – дадаў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў