Міністр энергетыкі супакойвае літоўцаў: Вілія і Нёман ад беларускай АЭС не пацерпяць


Беларуская АЭС выключае забруджванне Віліі і Нёмана, заявіў у інтэрвʼю літоўскаму выданню міністр энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

«Калі мы распрацоўвалі праект будаўніцтва Беларускай АЭС, мы яшчэ на пачатковы этапе прынялі неабходныя рашэнні, што дазваляюць выключыць негатыўнае ўздзеянне на рэкі Вілія і Нёман. На станцыі будзе выкарыстоўвацца замкнутая абаротная сістэма ахалоджвання. Вада з Віліі будзе выкарыстоўвацца для першаснага запаўнення сістэм ахалоджвання, а затым для папаўнення ад выпарэння, то бок толькі для падсілкоўвання», – адзначыў міністр энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк у інтэрвʼю літоўскаму выданню «Lietuvos Rytas».

Пры гэтым дадаў, што абʼём забору вады з Віліі ніяк не адабʼецца на ўзроўні і водным балансе ракі.

Міністр сцвярджае, што выкід у раку забруджанай радыенуклідамі воды выключаны.

На думку Міхаіл Міхадзюка, сцвярджэнні аб небяспецы Беларускай АЭС – галаслоўныя.

«Папрасіце ва ўрада Літвы паказаць вам хоць які афіцыйны дакумент з разлікамі і выкладкамі, у якіх пацвярджаецца гэтая нібыта небяспека, асабліва з улікам таго, што, як яны сцвярджаюць, Беларусі ніякіх дадзеных не прадстаўляла», – заявіў міністр.

У канцы мінулага года міністр энергетыкі Літвы Рокас Масюліс заклікаў Латвію, Эстонію, Польшчу ды Фінляндыю не набываць электраэнергію з АЭС, што цяпер будуюцца ў Беларусі і ў Калінінградскай вобласці Расеі. Рокас Масюліс мяркуе, што энергія на згаданых станцыях будзе выпрацоўвацца з парушэннем міжнародных рэгламентаў ядравай бяспекі.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў