Міністр энергетыкі РФ: пытанне пра цану на газ для Беларусі не вырашана


Міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што перамовы з Беларуссю па нафце і газу вядуцца пастаянна, але пытанне аб цане на энерганосьбіты канчаткова не вырашана. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

«Мы знаходзімся ў пастаянным рэжыме зносінаў. У нас кансультацыі не сканчаюцца», – сказаў Новак журналістам у Маскве.

«У нас, як я разумею, кантракт дзеючы. Пытанне толькі ў кошце, па якой Беларусь хоча зніжку. Гэта яшчэ абмяркоўваецца. Канчатковых рашэнняў няма, гэта яшчэ ў працэсе абмеркавання», – адзначыў міністр.

24 снежня Аляксандр Лукашэнка заявіў у інтэрвʼю «Эхо Москвы», што Расея хоча павысіць кошт газу для Беларусі ў 2020 годзе да $ 152 за тысячу кубаметраў (у 2019-м было $ 127 за тысячу кубаметраў). Каментуючы дасягнутыя па выніках апошніх перамоваў з Пуціным дамоўленасці, кіраўнік Беларусі паведаміў, што канкрэтных лічбаў і кантрактаў яшчэ няма.

Раней, пасля перамоваў з Пуціным 20 снежня, Лукашэнка заявіў аб дасягненні дамоўленасцяў аб захаванні ў 2020 годзе бягучай цэны на газ для Беларусі – то бок $ 127.

Пачынаючы з 2018 года Лукашэнка неаднаразова прасіў аб зніжэнні цаны на газ для Беларусі да ўзроўню Смаленскай вобласці. Масква ў сваю чаргу заяўляе, што датаваць суседнюю краіну на ўзроўні ўласных рэгіёнаў дзіўна і для такой зніжкі неабходны іншы ўзровень інтэграцыі Расеі і Беларусі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў