Міністр эканомікі Зіноўскі - пра заробак «папяцьсот», Дэкрэт №8 і будучыню крыптавалютаў


Міністр эканомікі Беларусі Уладзімір Зіноўскі мяркуе, што практычна ўсе галіны эканомікі летась прадэманстравалі ўстойлівы рост, беларусам варта чакаць сваіх 500 долараў заробку, а крыптавалюты не змогуць замяніць традыцыйных грошай. «папяцьсот»

Пра ўсё гэта Зіноўскі распавёў у інтэрв’ю «СБ. Беларусь Сегодня».

Пра давер да рубля

Паводле слоў чыноўніка, за мінулы год прамысловасць Беларусі стала больш рэнтабельнай, павялічыўся прыбытак, а запасы на сховішчах зменшыліся.

«Унутраны рынак актывізаваўся, па-першае, дзякуючы росту даходаў насельніцтва і, па-другое, праз зніжэнне інфляцыі да 4,6% – гэта наш гістарычны мінімум. У гэтай сувязі хачу падкрэсліць рост даверу да нацыянальнай валюты.

Намецілася тэндэнцыя: валютныя дэпазіты грамадзян скарачаліся, а рублёвыя, наадварот, выраслі амаль на 400 млн рублёў. Сталі больш актыўна крэдытавацца ў беларускіх рублях і прадпрыемствы», – сказаў Зіноўскі.

Пра заробак «папяцьсот»

Што тычыцца абяцанага Лукашэнкам заробку ў 1000 рублёў, то, як адзначыў міністр, «вынікі за снежань 2017-га падводзіць пакуль рана». Пры гэтым за папярэднія 11 месяцаў адбыўся паступовы рост прыбыткаў насельніцтва – заробкі павялічыліся на 5%.У 2018 годзе прадпрыемствам пастаўленая задача павышаць канкурэнтаздольнасць і зніжаць выдаткі на вытворчасць.

«1000 рублёў – гэта той узровень заробку ў краіне, які неабходна падтрымаць у сярэднім па годзе. Пры гэтым у рэальным сектары захоўваецца ранейшы падыход: заробак расце па меры росту прадукцыйнасці працы», – сказаў ён.

Акрамя таго міністр эканомікі прагназуе і рост экспарту. На сённяшні дзень Беларусь экспартуе тавары ў 160 краінаў свету.

Пра крыптавалюты

«Калі кажуць, што дэкрэт створаны толькі для айцішнікаў, гэта цалкам няправільны погляд на тэму. З прыняццем дэкрэта ў нас створаны спрыяльныя ўмовы для пранікнення інфармацыйных тэхналогій у прамысловасць, сельскую гаспадарку і сацыяльную сферу і стварэння на іх аснове новых бізнес-мадэляў», – сказаў Уладзімір Зіноўскі.

Ён мяркуе, што Дэкрэт №8 не выкліча «уцечку мазгоў» з краіны, а наадварот, створыць «сацыяльныя ліфты для таленавітай моладзі».

На пытанне пра стаўленне да лічбавай эканомікі, міністр сказаў, што ў бліжэйшай будучыні не варта чакаць поўнай замены традыцыйных грошай крыптавалютамі.

«Тым, хто разглядае крыптавалюты як інвестыцыю, трэба памятаць: аперацыі з імі маюць рызыкоўны характар, існуе верагоднасць сурʼёзных страт».

Зіноўскі гаворыць, што для эканомікі нашай краіны найбольшую цікавасць уяўляе тэхналогія, на якой крыптавалюты заснаваныя – гэта тэхналогія блокчэйн. Яна дазваляе рэалізоўваць такія праекты, як смарт-кантракты, дэцэнтралізаваныя арганізацыі, праграмуемыя актывы.

КА, belsat.eu

 

 

 

Стужка навінаў