Міністр эканомікі: мы не павінны праядаць заробленыя грошы


Уладзімір Зіноўскі
Фота: teleskop-by.org

Уладзімір Зіноўскі пахваліўся ў эфіры тэлеканалу ОНТ пазітыўнай дынамікай ва «усіх сектарах эканомікі, акрамя будаўніцтва».

Аднак, паводле кіраўніка ведамства, у некаторых галінах беларускай эканомікі заробак не адпавядае эфектыўнасці працы. «Гэта я вам не як міністр кажу, а як чалавек», – патлумачыў чыноўнік.

«Мы не павінны праядаць заробленыя грошы. Мы павінны, укладваючы ў вытворчасць, атрымліваць большы даход, каб заробак мог расці», – параіў Зіноўскі.

Зіноўскі таксама адзначыў, што заробак у $ 500 будзе не ва ўсіх беларусаў.

«Не ва ўсіх рэгіёнах і не ва ўсіх сектарах эканомікі, бо мы мусім разумець, што гэта сярэдні заробак па краіне і ёсць такія галіны эканомікі, напрыклад, сельская гаспадарка або сацыяльная сфера, дзе немагчыма ў адзін момант дасягнуць такі заробак», – сказаў міністр эканомікі.

Нагадаем, што ў жніўні Аляксандр Лукашэнка даручыў «падцягнуць прадпрыемствы з нізкім заробкам до ўзроўню Br 1000». Кіраўнік Беларусі дапусціў, што ў 2018 годзе заробак можа вырасці да Br 1500. Цяпер сярэдні заробак па краіне складае Br 844.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў