Міністр эканамічнага развіцця РФ: Праграма паглыблення інтэграцыі РФ і Беларусі ўзгоднена на 90 %


Расея і Беларусь узгаднілі прыкладна 90 % праграмы паглыблення інтэграцыі дзвюх краінаў. Дакумент абмяркуюць прэм’ер-міністры 21 чэрвеня ў Менску, распавёў кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін па выніках сустрэчы ў Маскве з міністрам эканомікі Беларусі Дзмітрыем Крутым, паведамляе interfax.by.

Беларусь і Расея яшчэ ў канцы 2018 году стварылі працоўную групу па ўрэгуляванні праблемных пытанняў і развіццю інтэграцыі. З расейскага боку групу ўзначаліў Максім Арэшкін, з беларускага – Дзмітрый Круты.

«У нас ідзе планавая праца, сёння мы працавалі чатыры гадзіны, у перамовах прымалі ўдзел прадстаўнікі розных ведамстваў – Мінфіна, ЦБ, падатковых, мытных органаў, цэлага шэрагу іншых. Было дэталёвае абмеркаванне», – сказаў Максім Арэшкін.

Прэмʼеры ўзгодняць дакументы ад працоўнай групы

«Мы ўвесь наступны тыдзень, пачынаючы з заўтрашняга дня, будзем вельмі шчыльна працаваць. Наша задача падрыхтаваць сустрэчу прэмʼер-міністраў. Я палячу ў Менск крыху раней, чым Дзмітрый Анатольевіч. Мы там яшчэ раз збяромся перад іх сустрэчай, яшчэ раз пройдземся. У нас будзе два дакументы – гэта дарожная мапа і канцэптуальны дакумент, які будзе апісваць прынцыпы, на базе якіх будзе адбывацца рух. Яшчэ раз паўтару, што ўсё гэта ў межах Саюзнай дамовы», – сказаў Арэшкін.

Пытанне пра адзіную валюту ўрэгуляванае?

Каментуючы пытанне пра магчымасць увядзення адзінай валюты паміж дзвюма краінамі і тэму па якіх захоўваюцца рознагалоссі, міністр адзначыў, што «адзіная валюта – гэта дакладна не галоўны элемент абмеркаванняў».

«Тут як раз Цэнтральныя банкі дасягнулі поўнай згоды. Значна больш вострае пытанне – гэта праца ў энергетычнай сферы, пытанні ў рэгуляванні галінаў, мытны блок. Там ёсць нейкія тонкія моманты, якія трэба абмяркоўваць на больш высокім узроўні прэмʼер-міністраў і прэзідэнтаў», – сказаў Арэшкін.

Арэшкін не аднойчы паўтарыў, што «пытанні агульнай валюты не самае галоўнае».

«Ёсць і пытанні пра адзіныя прынцыпы той жа грашова-крэдытнай палітыкі, гэта ўсё ЦБ будуць абмяркоўваць, прыкладна зразумелы таймінг у межах якога цяпер гэта можа абмяркоўвацца, ён быў у цэлым узгоднены і ёсць адзінае разуменне з боку Цэнтральных банкаў. Але зноў жа ніякіх тут рэвалюцыяў, якія паўплываюць на жыццё простых людзей, няма», – сказаў міністр.

Непераадольных пытанняў не было?

Круты ў сваю чаргу падкрэсліў, што «ў нас з рэгулятарамі не было непераадольных пытанняў, усіх вельмі ўважліва слухалі».

«Пасля падпісання дамовы, гэта першы этап вельмі важны, пачнецца напружаная праца па падрыхтаванні адпаведных дарожных мапаў. Мы прыкладна дамовіліся па канструкцыях і тэрмінах, калі гэта будзе рабіцца, але кожная галіна, кожны рэгулятар будуць мець дарожную мапу па ўніфікацыі адпаведнага заканадаўства з выхадам прыкладна на 2021-2022 гады рэалізацыі», – сказаў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты.

https://naviny.belsat.eu/news/integratsyya-rasei-i-belarusi-pavinna-byts-bolsh-vazhkaj-zayaviu-myadzvedzeu/

СК belsat.eu

Стужка навінаў