Міністр адукацыі: Ёсць спіс прадметаў, якія трэба выкладаць на беларускай мове


«На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што ў нас больш за палову прадметаў будуць [выкладацца] на беларускай мове», – заявіў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў 21 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску, каментуючы выказванні Аляксандра Лукашэнкі пра беларускую мову.

Паступовае ўкараненне беларускай мовы ў сістэму адукацыі міністр назваў «нармальнай з’явай», да якой трэба заахвочваць.

На заўвагу журналістаў, што гэты працэс ідзе без удзелу Міністэрства адукацыі, чыноўнік адказаў: «Гэта меркаванне з боку. На самай справе мы гэтым пытаннем займаемся. У БДУ гэтае пытанне таксама разглядаецца. Можа быць, гэта не афішуецца, не выносіцца на шырокую грамадскасць. Мы абмяркоўвалі на вялікай радзе ўніверсітэту пытанне аб пераводзе некаторых прадметаў на беларускую мову. Але толькі тых, якія выкладаюцца на гістарычным ці філалагічным факультэтах. А, напрыклад, гісторыя БДУ. Была прапанова, што яе трэба выкладаць на беларускай мове. Мы рэкамендавалі выкладаць на беларускай мове гісторыю БДУ, проста гісторыю, яшчэ некаторыя прадметы – для ўсіх студэнтаў».

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Паводле міністра, на наступным тыдні ў Менску адбудзецца сустрэча прадстаўнікоў школ дзеля абмеркавання пытання выкладання гісторыі і геаграфіі на беларускай мове. «Гэта цвёрдае перакананне Міністэрства адукацыі. Мы параімся з выкладчыкамі школ, прадстаўнікамі раённых аддзелаў адукацыі. Ёсць пэўны пералік прадметаў, якія, бясспрэчна, неабходна выкладаць на беларускай мове. Таму што трэба разумець »родную мову«, і гаварыць пра гісторыю Беларусі на іншай мове – няправільна. Такое наша меркаванне, і мы гэта ўвядзём», – сказаў Жураўкоў.

«У сістэме вышэйшай адукацыі, у БДУ, я назіраю, што непадагрэтая нармальная цікавасць да беларускай мовы сярод студэнтаў узрастае. На гістарычным факультэце, філалагічным усе студэнты размаўляюць на беларускай мове, але і студэнты тэхнічных факультэтаў таксама пачынаюць размаўляць па-беларуску. Выкладчыкі з задавальненнем кажуць, што ім прыемна слухаць адказы студэнтаў на беларускай мове», — зазначыў міністр.

На думку чыноўніка, «гэты працэс нельга ўкараняць сілай». «Ён павінен ісці знутры — са студэнцкага асяроддзя. Я ўважліва глядзеў сацыяльныя сеткі. Ёсць групы студэнтаў, у якіх зносіны паміж сабой па-беларуску, і гэта нармальна. Працэс ідзе, ён ідзе нармальна. Часам яго штучна падаграваюць, часам усплываюць нейкія факты. Да гэтага трэба ставіцца спакойна», — лічыць Жураўкоў.

Паводле міністра, кожны чалавек павінен для сябе ўнутры вырашыць, якая мова яму бліжэйшая, але самае галоўнае – гэта адчуваць сябе грамадзянамі Беларусі і любіць сваю краіну. «Ёсць паняцце »мы беларусы«. У душы мы ўсе беларусы і любім сваю краіну. Але ў нас большасць людзей расейскамоўныя, і ў гэтым, напэўна, нічога дрэннага няма. Таму я лічу, што гэта не праблема, якая з’яўляецца суперважнай і невырашальнай. Гэта нармальны працэс».

Паводле кіраўніка Міністэрства адукацыі, развіваючы беларускую мову, трэба яе больш прапагандаваць і паказваць прыклады, як прыгожа яна гучыць. Тады людзі загавораць на ёй, рэзюмаваў Жураўкоў.

Выступаючы 20 студзеня ў Менску на 42-м з’ездзе БРСМу, кіраўнік Беларусі Лукашэнка заявіў, што беларуса робіць беларусам не толькі культурная спадчына, але і мова: «Культура — вось што робіць беларуса беларусам, а не проста »тутэйшым«, у якім бы пункце зямной кулі ён ні знаходзіўся. Не толькі наша багатая спадчына — літаратура, музыка, архітэктура, — але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць».

Паводле Марыны Носавай, БелаПАН

Стужка навінаў