Міністр абароны ЗША: Далейшыя дзеянні КНДР могуць «прывесці да канца гэтага рэжыму»


Міністр абароны ЗША Джэймз Мэтыс падчас візіту ў Паўночную Карэю. Фота – Мінабароны ЗША

Злучаныя Штаты спрабуюць пераканаць Паўночную Карэю спыніць ядравую праграму.

ЗША могуць пакончыць з камуністычным рэжымам у Паўночнай Карэі, калі КНДР не спыніць ракетна-ядравую праграму, заявіў міністр абароны ЗША і генерал марской пяхоты ў адстаўцы Джэймз Мэтыс. З боку чалавека, які большасцю экспертаў і палітыкаў у ЗША і свеце лічыцца не ястрабам вайны, а адказным і высокаадукаваным прафесіяналам, значна большым дыпламатам, чым, напрыклад, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, гэта – вельмі моцныя словы.

Раней Мэтыс казаў, што ваеннае рашэнне праблемы атамнай праграмы КНДР Злучанымі Штатамі будзе «трагедыяй неверагоднага маштабу». Аднак зараз, відавочна, ён паказвае Кім Чэн Ыну і ягоным «старэйшым братам» у Пекіне, што цярплівасць Вашынгтона амаль вычарпаная.

«КНДР павінная адмовіцца ад самаізаляцыі і адмовіцца ад распрацоўкі атамных узбраенняў. КНДР павінна спыніць любое планаванне дзеянняў, якія могуць прывесці да ліквідацыі яе [палітычнага] рэжыма і да гібелі яе насельніцтва», – гаворыцца ў заяве кіраўніка Пентагона.

Мэтыс сустракаецца з амерыканскімі жаўнерамі. Фота – Мінабароны ЗША

Афіцыйна КНДР і хаўруснік ЗША Паўднёвая Карэя застаюцца ў стане вайны з 1953 году, калі абодва бакі падпісалі перамірʼе, аднак не адмовіліся ад прэтэнзіяў на суверэнітэт над усёй Карэйскай паўвыспай. Цяпер непасрэдна ў Паўднёвай Карэі знаходзяцца 28 500 амерыканскіх жаўнераў. Яшчэ каля 54 000 амерыканскіх вайскоўцаў знаходзяцца на базах у суседняй Японіі.

Чырвоная пагроза

Раней прэзідэнт Трамп выказаўся адносна лёсу максімальна блізкага да сталінскага апошняга камуністычнага рэжыму ў тым выпадку, калі КНДР будзе працягваць распрацоўку атамных узбраенняў і сродкаў іх дастаўкі.

«Самае лепшае для Паўночнай Карэі – больш не пагражаць Злучаным Штатам. Яны будуць сустрэтыя агнём і лютасцю, якіх свет яшчэ не бачыў», – заявіў у аўторак прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

Вайсковы парад у сталіцы КНДР у 2015 годзе. Жаўнеры трымаюць нешта, што павінна сімвалізаваць мініяцюрныя атамныя бомбы для смяротнікаў. Фота – wikimedia.org

Апошнімі месяцамі КНДР зрабіла шэраг правакацыйных пускаў ракет вялікай дальнасці, у тым ліку заявіла пра наяўнасць ракеты, якая можа ўдарыць па ЗША.

«Вярхоўны лідар з гонарам кажа, што праз гэтае выпрабаванне надзейнасць нашае сістэмы міжкантынентальнай балістычнай ракеты пацвердзілася, дэманструючы нашую здольнасць атакаваць ворагаў у любы час і з любога месца. Выпрабаванне даказвае, што мы можам нанесці ўдар па якой заўгодна кропцы Злучаных Штатаў Амерыкі», – заявіла дыктарка паўночнакарэйскага дзяржаўнага ТБ у мінулым месяцы.

Выпрабавальны перахоп балістычнай ракеты супрацьракетай запушчанай з амерыканскага карабля ў Ціхім акіяне. Фота – Мінабароны ЗША

Ужо ў гэтым месяцы карэйскія камуністы заявілі пра распрацоўку плана ракетнага ўдару ў мора каля Гуаму – выспы ў заходняй частцы Ціхага акіяну, якая ўваходзіць у склад ЗША як «неінкарпараваная тэрыторыя». На Гуаме жывуць больш за 160 тысяч чалавек – большасць складаюць абарыгены. На выспе знаходзіцца таксама база авіяцыі і флоту ЗША.

Ёсць бомба ці не?

На мінулых выходных Рада Бяспекі ААН ужо пашырыла санкцыі супраць Паўночнай Карэі праз нежаданне Пхеньяну спыніць выпрабаванні міжкантынентальных балістычных ракетаў.

Любы канфлікт з Паўночнай Карэяй наўпрост закране Паўднёвую – не першы год Пхеньян пагражае пераўтварыць сталіцу суседняй карэйскай дзяржавы ў «мора агню». Са свайго боку Паўднёвая Карэя абяцае праціўніку «моцны і цвёрды адказ нашай арміі і амерыканска-карэйскага альянсу» у выпадку правакацыйных дзеянняў.

Сумесныя карэйска-амерыканскія вайсковыя вучэнні па абароне ад зброі масавага знішчэння. Фота – Travis Edwards/Мінабароны ЗША

«Мы думаем, што яны дасягнулі значнага ўзроўню, улічваючы тое, што іншым краінам патрабавалася звычайна каля 10 год пасле першага атамнага выпрабавання для распрацоўкі дастаткова малой атамнай боегалоўкі. Аднак цяжка прадказаць, калі яны змогуць паставіць яе на балістычную ракету», – сказаў афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны Рэспублікі Карэя.

Аднак невядома, што значыць гэтая ацэнка – што можна было нанесці ўдар па камуністах, пакуль яны не маюць атамнай боегалоўкі, якую можна паставіць на ракету, ці можна яшчэ пачакаць і паспрабаваць пераканаць ці застрашыць Кім Чэн Іна вайной, каб КНДР адмовілася ад атамнага шантажу.

Аляксандр Гелагаеў

Стужка навінаў