Міністэрства здароўя: Жанчына ў Віцебску памерла не ад каронавіруса


У 58-гадовай жанчыны, якая памерла ў Віцебску, каронавіруса не было. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

20 сакавіка «Наша Ніва» паведаміла, што 18 сакавіка ў Віцебску памерла 58-гадовая жанчына, якую шпіталізавалі з запаленнем лёгкіх. Паводле сваякоў, у яе быў станоўчы вынік на каронавіруса. Блізкія жанчыны таксама паведамілі, што тэсты ўзялі і ў іх, а саміх іх змясцілі на каранцін.

«У Таццяны былі і спадарожныя праблемы са здароўем: высокі ціск, цукроўка. Афіцыйнай прычынай смерці, канечне, напісалі не каронавірус. Але вось такі факт», – заявіла нявестка.

Паводле яе, жанчыну хавалі ў закрытай труне, апрацаванай сродкамі дэзынфекцыі. Пахаванне было закрытым, прысутнічалі толькі блізкія чальцы сям’і.

Абноўлена
У Польшчы ад каронавіруса памерла 27-гадовая жанчына
2020.03.20 14:11

Між тым у сваім тэлеграм-канале Міністэрства аховы здароўя зняпраўдзіла інфармацыю пра смерць ад каронавіруса. У ведамстве адзначылі, што ў жанчыны былі сур’ёзныя праблемы са здароўем – дыябет, артэрыяльная гіпертэнзія, хранічны бранхіт і падвышаная маса цела. Паколькі ёй пры паступленні быў выстаўлены дыягназ «пнеўманія», лекары ўзялі ў яе ды ейных сваякоў мазок на каронавірус. Але вынік у жанчыны быў адмоўны, вынікі сваякоў з’явяцца на наступным тыдні.

«Абавязковы каранцін, ні мужчына, ні іншыя сваякі (улічваючы, што яны былі на пахаванні) не абавязаны выконваць», – падкрэслілі ў міністэрстве.

Ведамства таксама раскрытыкавала «аматараў пахайпаваць, якія размясцілі «бегма-бегма» артыкулы на інтэрнэт-рэсурсах». У заяве адзначаецца, што «паніка ў журналісцка-блогерскім асяроддзі» перашкаджае працаваць медыкам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў