Міністэрства Макея скарацілі на траціну. Прычыны і наступствы каментуюць Ігар Губарэвіч і Арсень Сівіцкі


Лукашэнка скараціў цэнтральны апарат Міністэрства замежных справаў Беларусі на траціну. Пра гэта паведаміў кіраўнік беларускае дыпламатыі Уладзімір Макей у каментары, апублікаваным на сайце агенцтва БелТА. Як гэта паўплывае на інтарэсы Беларусі? Ці скарачэнне аслабіла пазіцыю міністра Уладзіміра Макея? І наколькі беларуская дыпламатыя развітая ў параўнанні, напрыклад, з украінскаю?

Каментуюць Ігар Губарэвіч, старэйшы аналітык Цэнтру Астрагорскага і былы шматгадовы працаўнік Міністэрства замежных справаў Беларусі, а таксама Арсень Сівіцкі, дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў.

Спадару Ігар, вы працавалі 12 гадоў у Міністэрстве замежных справаў Беларусі. Ці былі тады скарачэнні? Наколькі гэта нармальная з’ява?

Справа, вядома, ненармальная. У той час, калі я працаваў у міністэрстве, штогод адбываўся рост, наймалі новых працаўнікоў. Пашыралі колькасць работнікаў у цэнтральным апараце, як і ў амбасадах, замежных установах. Бо заданні, якія стаяць перад беларускім вонкавапалітычным ведамствам, безумоўна, вялікія, абʼёмныя ды патрабуюць добрых экспертаў – як у якасці, гэтак і ў колькасці.

А скарачэнне, наколькі я ведаю, – гэта вялікі стрэс для беларускіх дыпламатаў. Я ім вельмі спачуваю. Вельмі цяжка пераносілася гэта ў міністэрстве, бо там працуюць эксперты сваёй справы, высокакваліфікаваныя, якіх нельга сёння трактаваць, як іншых чыноўнікаў, якія займаюцца жыллёва-камунальнаю гаспадаркаю, скажам, на Магілёўшчыне, а заўтра падымаюць сельскую гаспадарку на Віцебшчыне. Безумоўна, пасля скарачэння не ўсе з іх знойдуць сябе ў іншых спецыяльнасцях. Безумоўна, пацярпіць беларуская дыпламатыя, пацярпіць Беларусь.

Калі параўнаць рэсурсы беларускае дыпламатыі з суседнімі краінамі, напрыклад, Украінаю. Наколькі ў нас развітая гэтая структура ў параўнанні з Кіевам?

Параўнанне тут, вядома, на карысць Украіны. Тут лічбы простыя: Беларусь мае амбасады ў 56 краінах, Украіна – у 84. Гэта роўна ў паўтара разу больш. І калі параўнаць консульствы – 7 у Беларусі і 19 ва Украіны, амаль у тры разы. Калі возьмем колькасць працаўнікоў у амбасадах, тут ізноў параўнанне не на карысць Беларусі. Напрыклад, у Францыі ў нас шэсць дыпламатаў у Парыжы. Ва Украіны – 16. У Лондане ў Беларусі – 5, ва Украіны – 17.

Калі мне скажуць, «добра, гэта тлумачыцца курсам на еўраінтэграцыю Украіны», не. Возьмем той жа Кітай. У Кітаі Беларусь рэпрэзентуюць 8 дыпламатаў, калі не лічыць амбасадара. А Украіну – 18 дыпламатаў. Можа, гэта і тлумачыць, што ўкраінскі экспарт у Кітаі ў пяць разоў большы за беларускі. Адное з тлумачэнняў. Можна, у прынцыпе, кожную краіну ўзяць, ва Украіны перавага ў два, часам тры разы ў колькасці работнікаў. А зразумела, што там, дзе ёсць людзі, ёсць і праца.

Зразумела, то бок, беларускую недаразвітую дыпламатыю яшчэ больш скарачаюць. Дзякую за каментар, спадару Ігар. Сітуацыю са скарачэннем на траціну персаналу МЗС Беларусі мы працягваем каментаваць у размове з дырэктарам Інстытуту стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсенем Сівіцкім.

Такое радыкальнае скарачэнне, чаму Лукашэнка прыняў настолькі рэзкае рашэнне?

Мне здаецца, гэты працэс трэба разглядаць у працэсе гэтак званай аптымізацыі бюракратычнага апарату. Рэч у тым, што некалькі гадоў таму было прынятае такое рашэнне. І сёння дайшла чарга і да Міністэрства замежных справаў. Гэтае міністэрства, як і шэраг іншых, напрыклад, Міністэрства абароны, трымалася вельмі доўга ды не падпадала пад працэс аптымізацыі. Але гэта была такая стратэгічная пастанова Лукашэнкі – скараціць колькасць працаўнікоў дзяржаўных структураў. І таму МЗС сёння падпадае пад скарачэнне.

Мне здаецца, што не трэба чакаць нейкіх стратэгічных наступстваў ад яго, бо самыя галоўныя аптымізацыйныя працэсы прайшлі год-два таму, калі былі скарочаныя дыпламатычныя прадстаўніцтвы за мяжою. Таксама мне здаецца, што гэтыя скарачэнні звязаныя з тым, што цяпер праходзіць працэс перафарматавання функцыяў МЗС.

Я нагадаю, што Лукашэнка некалькі гадоў таму паставіў заданне перад Макеем па сутнасці пераўтварыць дыпламатычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжою ў такія асаблівыя гандлёвыя прадстаўніцтвы, якія б прасоўвалі беларускі экспарт у замежных краінах. І вось гэтая аптымізацыя, якую мы сёння бачым, па сутнасці ўжо праходзіць пад гэтыя новыя заданні.

МЗС – тая структура, дзе звычайна галоўную ролю грае міністр. І ад ягонай актыўнасці залежыць дзейнасць усёй структуры. То бок чыста такое фармальнае скарачэнне на 30 % апарату МЗС, мне здаецца, не прывядзе да пагаршэння эфектыўнасці дзейнасці МЗС.

Я чуў такую неафіцыйную версію, што спачатку кіраўнік Беларусі хацеў скараціць МЗС на 10 – 15 %, але міністр Макей бараніў сваё міністэрства, гэта натуральна. І ў выніку Лукашэнка раззлаваўся ды скараціў на 30 %. Наколькі такая версія рэалістычная?

Мне здаецца, гэтыя чуткі не маюць пад сабою рэальных падставаў. Бо трэба разумець, што скарачэнне ішло ў дзве хвалі. І ў першую хвалю апарат скарачаўся на 15 – 20 %, потым ішла другая хваля, падчас якой таксама адбывалася скарачэнне на 15 – 20 %. Проста да МЗС гэтая чарга не дайшла. Яна дайшла вось у канцы мінулага – пачатку гэтага года, і, мне здаецца, гэта трэба разглядаць як следства агульнага працэсу аптымізацыі дзяржапарату.

І я не бачу, што гэта падрывае пазіцыі Макея, бо ўсё роўна Макей грае галоўную ролю ў выбудоўванні вонкавай палітыкі Беларусі. Асабліва ў заходнім кірунку. То бок я б не чакаў, што аптымізацыя МЗС прывядзе да скарачэння ягоных паўнамоцтваў і падрыву ягонае пазіцыі.

Інтэрвʼю паказалі ў праграме «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою.

Таксама ў праграме:

  • Маленькі крок Беларусі наперад. Аналіз справаздачы Freedom house пра крызіс дэмакратыі ў свеце.
  • Лукашэнка, Пуцін, Трамп. Што азначае мова палітыкаў?
  • Польскі журналіст: «Сірыйская бяспека нас не біла, не катавала і не запужвала».
  • Літоўскія эльфы супраць расейскіх троляў. Як Вільня рыхтуецца да абароны?

 

Стужка навінаў