Міністэрства інфармацыі з 1 кастрычніка забірае ў Tut.by статус СМІ на тры месяцы


Аб прыпыненні выпуску сеткавага выдання Tut.by з 1 кастрычніка гаворыцца ў загадзе міністра Ігара Луцкага за 29 верасня. Без статусу СМІ Tut.by будзе працаваць да 30 снежня.

Выпуск СМІ можа быць прыпынены пастановаю рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання ў сферы масавай інфармацыі, калі быў пададзены адпаведны пазоў у суд. Іскавую заяву ў Эканамічны суд ведамства накіравала 18 верасня, паседжанне прызначылі на 8 кастрычніка.

Статус СМІ дае некаторыя перавагі: у прыватнасці, магчымасць на законных падставах прысутнічаць у вызначаным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь парадку ў раёнах узброеных канфліктаў або надзвычайных сітуацыяў, на масавых імпрэзах, у месцах іншых грамадска важных падзеяў і перадаваць адтуль інфармацыю. Але нагадаем: Tut.by быў зарэгістраваны як СМІ толькі ў студзені 2019 года, да гэтага – з моманту заснавання ў 2000 годзе – партал працаваў без гэтага статусу.

Святлана Ціханоўская адрэагавала на сітуацыю з Tut.by:

«Беларусаў ужо пазбаўлялі доступу да інтэрнэту, свабоды сходаў, фізічнай свабоды, права на адвакатаў і сумленны суд, права абвяшчаць забастоўкі і выконваць сваю працу – у тым ліку, быць журналістам. Рэжым упарта працягвае верыць, што так можна схаваць яго злачынствы, спыніўшы станок друкарні, заблпкаваўшы сайт або пазбавіўшы СМІ акрэдытацыі. Але рэжым памыляецца. Паважаныя журналісты, вы – героі. Я захопленая вашай устойлівасцю і прафесіяналізмам, якія асабліва прыкметныя і каштоўныя ва ўмовах прававога дэфолту».

belsat.eu

Стужка навінаў