Міністэрства інфармацыі вынесла афіцыйнае папярэджанне TUT.BY


Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 жніўня вынесла пісьмовае папярэджанне парталу TUT.BY за распаўсюд «недакладнай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам». Пра гэта паведамляе сайт выдання.

5 жніўня TUT.BY пісаў пра тое, якія парушэнні зафіксавалі назіральнікі, якія не трапілі ў лік абраных, якім дазволена знаходзіцца на выбарчых участках, у тэксце быў таксама каментар ЦВК. Назіральнік Аляксандр Якубоўскі, акрэдытаваны на 19-й участак у пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёну, распавёў пра свае падлікі (прыйшоў 21 выбарнік супраць указаных у пратаколе 164), адзначыўшы, што на ўчастку ён знаходзіўся з моманту апячатвання скрыні і да канца дня.

Мінінфарм лічыць інфармацыю пра час знаходжання назіральніка на ўчастку не адпаведнай рэчаіснасці: нібыта Якубоўскі быў там толькі з 9:40 да 10:00.

«Такім чынам, Якубоўскі не мог дакладна і ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь валодаць інфармацыяй аб колькасці датэрмінова прагаласаваўшых на дадзеным участку», – адзначаецца ў дакуменце.

У сваю чаргу Якубоўскі падкрэслівае, што ён, афіцыйна акрэдытаваны назіральнік на ўчастку № 19, прыйшоў на ўчастак а палове дзясятай. Іх папрасілі пакінуць памяшканне ў 10 гадзінаў. Назіральнікам прыйшлося весці назіранне з вуліцы праз адчыненыя дзверы. Ён растлумачыў, што назіраў з тэрыторыі школы, на адлегласці прыкладна 20 метраў ад уваходу на ўчастак. Ёсць сведка, другі назіральнік, які можа пацвердзіць, што Якубоўскі быў на тэрыторыі школы ўвесь дзень.

TUT.BY адзначае, што з рашэннем Мінінфарма не згодны, але, каб пазбегнуць блакавання рэсурсу выданне ўнясе змены ў тэкст артыкула.

КА belsat.eu

Стужка навінаў