Мінздароўя: У Беларусі 4 204 выпадкі інфікавання каронавірусам, 40 чалавек памерлі


Міністэрства аховы здароўя сумесна з прадстаўнікамі зацікаўленых ведамстваў адказалі на найбольш актуальныя пытанні па сітуацыі з COVID-19.

Паводле дадзеных Мінздароўя па стане на раніцу 16 красавіка ў краіне зарэгістравана 4 204 выпадкі інфікавання каронавірусам. У гэтую лічбу ўваходзяць тыя, хто паправіўся.

Памерлі 40 пацыентаў, 65 чалавек знаходзяцца на штучнай вентыляцыі лёгкіх.

Такім чынам, за апошнія содні ў Беларусі дадалося 476 выпадкаў каронавірусу. Усяго было праведзена больш за 81 тысячу тэстаў.

У брыфінгу 16 красавіка ў Нацыянальным прэс-цэнтры ўдзельнічалі начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі медычнай дапамогі, экспертызы, зваротаў грамадзянаў і юрыдычных асоб Міністэрства аховы здароўя Аляксандр Пацэеў, першы намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, а таксама дырэктар Рэспубліканскага цэнтру па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

«Сярод хворых – 116 дзяцей з пацверджанай інфекцыяй, усе пераносяць у лёгкай або бессімптомнай форме. Кантакты 1 і 2 узроўню з рэспіраторнымі сімптомамі шпіталізаваныя. Дзяцей на ШВЛ няма. Па агульнай колькасці хворых дзяцей Беларусь не адрозніваецца ад іншых краін», – сказаў Пацэеў.

Адказваючы на пытанні, якія даслалі грамадзяне, Генадзь Балбатоўскі адзначыў, што ў дадзены момант спынены прыём у санаторыі ўсіх асобаў сталага веку. На тэрыторыях санаторыяў уведзены жорсткі прапускны рэжым, пабочным асобам уваход забаронены. Усе масавыя мерапрыемствы ў іх адмененыя. Пры гэтым на каранцін не зачынены ніводны дзяржаўны санаторый. Два санаторыі не працуюць па рашэнні ўласнікаў у сувязі з нізкай эканамічнай мэтазгоднасцю.

У сваім блоку адказаў Генадзь Трубіла распавёў, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі санэпідслужбаў, дэзынфекцыя пад’ездаў праводзіцца 1 раз на содні, арганізацыі ЖКГ размяшчаюць размяшчаюць у сябе графікі такой прыборкі. Вуліцы гарадоў апрацоўваюць раз на содні дэзсродкамі, у Менску задзейнічаны каля 500 адзінак тэхнікі. Прыпынкі грамадскага транспарту апрацоўваюцца таксама раз на содні, а платформы метро – двойчы.

Hавiны
Дзе ў Беларусі робяць тэсты на COVID-19? А можна за грошы?
2020.04.15 20:33

Акрамя таго, грамадзяне пацікавіліся, ці будуць сёлета ва ўмовах пандэміі адключаць гарачую ваду ў кватэрах, якая патрэбная для выканання гігіенічных працэдураў. Трубіла, у сваю чаргу, заявіў, што па рашэнні мясцовых выканаўчых уладаў адключэнне вады, імаверна, будзе перанесенае на верасень.

***

Нагадаем, 15 красавіка паведамлялася пра 3 728 выпадкаў інфікавання каронавірусам, 36 чалавек памерлі. Усяго было праведзена больш за 76 тысяч тэстаў.

КА belsat.eu

Стужка навінаў