Міністэрства адукацыі не будзе «сілавым метадам» перакладаць выкладанне школьных прадметаў на беларускую мову, але гатова адгукнуцца, калі такое жаданне ўзнікне ў вучняў і іхных бацькоў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі 9 красавіка заявіла намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка.
Ідэя, што гісторыя Беларусі павінна выкладацца толькі на беларускай мове, сапраўды ёсць, пацвердзіла яна. Але існуе і іншая пазіцыя, згодна з якой вучань і ўстанова адукацыі мусяць самі вызначыцца, на якой мове вывучаць прадметы. Міністэрства не лічыць правільным «сілавым метадам» прымушаць усе школы вывучаць канкрэтны прадмет на канкрэтным мове, таму што ў нашай краіне дзве дзяржаўныя мовы, падае tut.by.
«Дапусцім, мы кажам: «З наступнага года гісторыя Беларусі толькі на беларускай мове». А настаўнікаў гісторыі Беларусі, якія добра валодаюць беларускай мовай, недастаткова. І яны пачнуць гаварыць на ламанай беларускай мове з масай памылак. З пункту гледжання моўнай падрыхтоўкі гэта відавочна няправільна. З вуснаў настаўнікаў не павінна гучаць непісьменная гаворка, на любой мове», – упэўненая Раіса Сідарэнка.
Міністэрства адукацыі мае запас падручнікаў па гісторыі Беларусі як на расейскай, так і на беларускай мовах. Калі з рэгіёну паступае просьба аб прадстаўленні падручнікаў на беларускай мове, іх накіроўваюць з дапамогай адзінай базы, якая працуе на ўсю краіну.
«Мы гатовыя адгукнуцца на жаданне бацькоў і вучняў. Але гэта трэба рабіць вельмі карэктна, з павагай да носьбітаў мовы. Мы мяркуем, што тут сілавога ўмяшання не мусіць быць», – паведаміла намеснік міністра.
На яе думку, для папулярызацыі беларускай мовы трэба выкарыстоўваць іншыя магчымасці ўстаноў адукацыі.
«Напрыклад, у дзіцячых садках праходзяць дні беларускай мовы, калі і выхавальнікі, і дзеці, і бацькі, якія прыходзяць, размаўляюць толькі на беларускай. І дзеткам гэта цікава, і бацькі імкнуцца адпавядаць. Тут мы мусім не сілай дзейнічаць, а шляхам прыкладу і перакананняў», – рэзюмавала Раіса Сідарэнка.
Чытайце таксама: Ці людзям цяжка паверыць, што мне прасцей размаўляць па-беларуску?
Адзіны беларускамоўны вучань: Спачатку былі дні лютай трасянкі
Белавус: Стаўленне да беларускамоўных як да змагароў і БНФаўцаў змяняецца
МЯ, паводле tut.by