Міністэрства абараняе Беларусь праз залагоджванне агрэсара?

«Будзем умацоўваць Узброеныя Сілы, абароназдольнасць, дзяржаўнасць. Умацоўваць Саюз Беларусі і Расеі», – сказаў міністр абароны Беларусі Андрэй Раўкоў, каментуючы выхад ЗША і Расеі з Дамовы пра ракеты сярэдняй і малой дальнасці.

Расея апошнім часам выкарыстоўвае дамову пра Саюзную дзяржаву як раз для палітычнага і эканамічнага шантажу Беларусі, пра што казаў нават Аляксандр Лукашэнка. Адсюль паўстаюць пытанні, што канкрэтна пан генерал-лейтэнант хацеў сказаць, раўнуючы ўмацаванне дзяржаўнасці з беларуска-расейскім саюзам.

Саюз ці беларуская дзяржаўнасць?

У снежні лідар Беларусі на сустрэчы з расейскімі журналістамі і экспертамі даволі адкрыта прызнаў, што Расея звязвае перамовы па нафтаваму падатковаму манеўру з «глыбокай інтэграцыяй у Саюзнай дзяржаве», то бок з ліквідацыяй беларускай незалежнасці.

На вучэннях вайскоўцы МУС РБ адбіваюць будынак, які захоплены «баевікамі». Фота vsr.mil.by

«Можна прасцей сказаць: слухайце, атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі… Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай краіне? І ў вашай, і міжнародная грамадскасць. Не кіем, то паленам – інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны. Нам жа скажуць, што вы за нафту прадалі краіну», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пагадзіцеся, у гэтым кантэксце словы міністра «Будзем умацоўваць Узброеныя сілы, абароназдольнасць, дзяржаўнасць. Умацоўваць Саюз Беларусі і Расеі» выглядаюць, мякка кажучы, супярэчліва.

Дорага і ненадзейна

У гэтыя ж дні Мінабароны Беларусі пацвердзіла расейскую інфармацыю пра тое, што ўжо ў 2019 годзе Беларусь атрымае ад Расеі першую партыю (4 самалёты) цяжкіх знішчальнікаў Су-30СМ. Падаецца, вось яно ўмацаванне Узброеных Сілаў і абароназдольнасці.

Усяго планавалася, што наша краіна атрымае 12 Су-30СМ за касмічную для беларускіх вайскоўцаў суму ў 600 мільёнаў долараў – гэта прыкладна гадавы бюджэт усяго беларускага войска. Пры гэтым проста эксплуатацыя пражэрлівых машын за год будзе каштаваць яшчэ дзясяткі мільёнаў вечназялёнай валюты – раней беларуская армія адмовілася ад аналагічных машын Су-27 менавіта з-за вялікага кошту ўтрымання і палётаў.

Су-30СМ расейскай арміі. Фота Мінабароны РФ

Аналітыкі «Belarus Security Blog» таксама адзначаюць, што такая цяжкая машына Беларусі непатрэбная, а стандартныя Су-30СМ маюць заходнія камплектуючыя, якія зараз Масква не атрымлівае. З расейскімі камплектуючымі новыя Су-30СМ толькі з’явяцца ў гэтым годзе нават для авіяцыі самой РФ. Такім чынам Беларусь у гэтым годзе можа атрымаць вельмі дарагія «саюзныя» самалёты даволі сумнеўнай якасці.

Сам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова казаў, што спецыялістаў у нас сваіх хапае, але Расея не хоча прадаваць саюзнай Беларусі ваенную тэхніку па ўнутраных коштах. Атрымліваецца, што з такім жа, калі не большым, поспехам можна было б купляць самалёты і без саюзу з РФ.

Дарэчы, калі нехта думае, што Масква абараняе нас сваім «атамным парасонам», і ў адказ на атамную атаку на Беларусь расейскія ракеты паляцяць у бок нападніка, то вы памыляецеся.

Зноў даю слова галоўнакамандуючаму беларускім войскам Аляксандру Лукашэнку:

«Калі закончылася дамова пра ядравае прыкрыццё Беларусі, я кажу: трэба заключаць дамову, ядравы парасон. Вы думаеце, расейцы заключылі з намі дамову?.. Вось такія ў нас саюз і сяброўства».

«Памры, Дзяніс, лепш ужо не напішаш», як, згодна з легендай, сказаў фаварыт расейскай царыцы Кацярыны ІІ Пацёмкін Фанвізіну пасля прэмʼеры ягонага «Недарасля».

А якія варыянты?

Адразу хацелася б адзначыць, што ні ў якім разе не варта недаацэньваць менавіта ваенны прафесіяналізм беларускіх генералаў і афіцэраў. Неверагодна, што яны не разумеюць плюсаў і мінусаў саюзу Беларусі і Расеі ў выпадку магчымай вайны і ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва.

Берэт з Пагоняй на плячы беларускага дэсантніка на дзень Сіл спецыяльных аперацый.

Але мантры пра «умацаванне саюзу» з дзяржавай пад кіраўніцтвам людзей, якія шантажуюць Беларусь, пагражаюць самому існаванню беларускай дзяржаўнасці, набыццё непрактычна дарагой для Беларусі тэхнікі ад гэтай дзяржавы – гэта палітычны манеўр, каб заспакоіць Маскву? Ці нашы вайскоўцы шчыра так думаюць, бо дагэтуль ментальна жывуць у СССР, а не незалежнай Беларусі?

Гэтае пытанне даўно выспела і хацелася б, каб у Мінабароны зразумелі, што беларускае грамадства даўно чакае адказу.

Аляксандр Гелагаеў/Belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў