Мінфін: расейскія нафтапрадукты могуць выцесніць беларускія на ўнутраным рынку Беларусі


Фота - belmarket.by

Міністэрства фінансаў Беларусі будзе ініцыяваць абмеркаванне на дзяржаўным узроўні магчымасці кампенсацыі расейскім бокам наступстваў так званага падатковага манеўру РФ.

«Мы ўваходзім у кантакт з расейскім бокам… магчымы пошук кампенсуючых механізмаў на дзяржаўным узроўні», – заявіў намеснік міністра фінансаў Беларусі Дзмітрый Кійко на прэс-канферэнцыі ў Менску.

Ён паведаміў, што ў 2019 годзе праз падатковы манеўр РФ беларускі бюджэт недалічыцца прыкладна Br600 млн ($ 300 млн) – у выніку скарачэння паступленняў ад экспартных пошлінаў на нафтапрадукты і плануемага зніжэння на чвэрць стаўкі акцызаў на нафтапрадукты.

Кійко лічыць, што ў выніку падатковага манеўру расейскія нафтапрадукты могуць выцесніць беларускія на ўнутраным рынку Беларусі.

«Калі ў іх вытворчасць нафтапрадуктаў будзе субсідавацца, а ў нас не, то ў нас будзе больш высокія кошты на нафтапрадукты, і тады расейскія нафтапрадукты будуць выцясняць нашыя на ўнутраным рынку», – растлумачыў Д.Кийко.

Падатковы манеўр Расея распачала ў 2015 годзе. Ён прадугледжваў паступовае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту і павелічэнне падатку на здабычу карысных выкапняў. Падатковы манеўр не ў інтарэсах беларускага бюджэту, бо ён цягне за сабой павелічэнне кошту на нафту для Беларусі, у выніку чаго беларускія НПЗ будуць атрымліваць сыравіну па сусветных коштах і пазбаўляцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС.

Раней Мінфін Беларусі ацэньваў страты даходаў беларускага бюджэту ў сувязі з поўнай адменай экспартных пошлінаў на нафту і нафтапрадукты ў суму больш як $ 2 млрд, або каля 4% ВУП.

ІІ, belsat.eu, паводле Інтэрфакс-Захад

Глядзі таксама
Каментары