Мінэнэрга ЛНР: «Мы вядзем перамовы з афіцыйным Менскам аб пастаўках вугалю, прыватныя фірмы ўжо купляюць»


Хто ў Беларусі імпартуе вугаль з падкантрольнага сепаратыстам рэгіёну?

На мінулым тыдні старшыня адміністрацыі так званай ЛНР Ігар Платніцкі заявіў у інтэрвю выданню «Известия», што самаабвешчаная рэспубліка вядзе перамовы з Беларуссю аб пастаўках вугалю.

Паводле Платніцкага, узнікаюць складанасці з вывазам гэтага прыроднага рэсурсу і з афармленнем належных сертыфікатаў.

Сёння ў кулуарах Беларускага прамысловага форуму віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў размове з журналістамі зняпраўдзіў інфармацыю аб набыцці вугалю з ЛНР. Паводле слоў Сямашкі, урад Беларусі такіх перамоваў не вядзе.

Тым часам начальнік аддзелу вытворчасці і перспектыўнага развіцця вугальнай галіны Міністэрства паліва, энергетыкі і вугальнай прамысловасці ЛНР Віктар Ткачэнка ў інтэрвю «Белсату» заявіў:

«Безумоўна, Беларусь набывае ў нас вугаль. Праўда, на дадзены момант фінансавых адносінаў з беларускімі дзяржаўнымі структурамі ў ЛНР няма. Мы знаходзімся на стадыі перамоваў з афіцыйным Менскам, канчатковае рашэнне толькі прымаецца. А вось прыватныя фірмы з Беларусі ўжо неаднаразова набывалі ў ЛНР партыі прадукцыі: вугалю, антрацыту».

Аб’ёмы паставак і назвы прыватных прадпрыемстваў Ткачэнка ўдакладніць адмовіўся, спаслаўшыся на камерцыйную тайну.

«Так, цікавіцца пастаўкамі вугалю з Данбасу могуць прыватныя прадпрыемствы, малы і сярэдні бізнес. Лідары прамысловасці сёння працуюць, выкарыстоўваючы газ, а не вугаль, таму дзяржаве гэта не вельмі патрэбна. Гаворкі пра вялікія аб’ёмы, я думаю, няма. Гэта можа быць ініцыятыва індывідуальных прадпрымальнікаў», – лічыць эксперт у энергетычнай галіне Таццяна Манёнак.

Мы знайшлі адну з кампаніяў, якая на сайце аб’яваў прапаноўвае антрацыт з паметкай «Паходжанне тавару: Данбас». Як напісана на афіцыйным сайце ТАА «Белкарбатранс», прадпрыемства ажыццяўляе пастаўкі вугалю і антрацыту як па Беларусі, так і ў Расею, Украіну, Малдавію, Славакію, Прыбалтыку і Польшчу. За мяжу ідуць значныя партыі – перавозка ажыццяўляецца чыгункай. Усяго ж аб’ёмы продажу кампаніі за год складаюць $1-5 млн долараў.

«Апошні раз мы закупілі антрацыт з Данбасу ў кастрычніку 2015 году, адразу на цэлы год. Да канца 2016 партыя была рэалізаваная. Сярод асноўных спажыўцоў – Скідзельскі цукровы камбінат і цукровы завод у Гарадзеі. Яны, верагодна, і набылі гэты антрацыт», – распавёў «Белсату» спецыяліст па продажы ТАА «Белкарбатранс» Сяргей Н.

Датычна каменнага вугалю, за мінулы год прадпрыемства паставіла 2850 тон прыроднага рэсурсу Беларускай чыгунцы.

«Так, праз біржавыя таргі нам удалося паставіць такую колькасць Беларускай чыгунцы, выйгралі адпаведны тэндэр. Аднак гэта быў ужо вугаль з Расеі, з Хакасіі», – сказаў спецыяліст.

Сёлета ж, паводле слоў супрацоўніка кампаніі, ні вугаль, ні антрацыт у ЛНР «Белкарбатранс» не набываў. Але на беларускім рынку такіх кампаніяў больш за дзясятак.

Такім чынам атрымліваецца, што на практыцы дробныя і малавядомыя юрыдычныя асобы маюць магчымасць пастаўляць прыродныя рэсурсы буйным дзяржаўным структурам.

 

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў