Міністэрства энергетыкі Беларусі адказала на закіды «Газпрома» пра наяўнасць запазычанасці за пастаўлены газ. Раней расейская кампанія паведаміла, што не будзе разглядаць у 2020 годзе пытання ў справе зніжэння коштаў на паліва, а кошты на 2021 год будуць абмяркоўвацца толькі пасля аплаты запазычанасці.
Кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер распавёў, што Беларусь павінная больш за 165 мільёнаў долараў за пастаўлены газ. У сваю чаргу Мінэнерга Беларусі паведамляе, што нашая краіне не мае запазычанасці за імпартаваны прыродны газ.
«Разлікі за прыродны газ ажыццяўляюцца беларускімі арганізацыямі з ААТ «Газпром трансгаз Беларусь» у адпаведнасці з дамовамі. Цяпер паміж суб’ектамі гаспадарання маюцца рознагалоссі па вызначэнні кошту прыроднага газу з улікам яго каларыйнасці. Урэгуляванне ўзніклі пытанняў знаходзіцца ў кампетэнцыі гаспадарчых субʼектаў», – адзначаецца ў паведамленні міністэрства.
Афіцыйны Менск раней неаднаразова адзначаў, што жадае перагледзець кошты на газ. Паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, спотавыя кошты на расейскую сыравіну ў Еўропе складаюць каля 70 долараў за тысячу кубаметраў. У гэты ж час Беларусь набывае блакітнае паліва па 127 долараў за тысячу кубаметраў. Але «Газпром» не жадае пакуль уздымаць гэтае пытанне.
СК belsat.eu