Мінак не злавіў хлопца, які выпаў з вакна


У Горадні хлопец выпаў з трэцяга паверху – і выжыў.

Два жыхары вёскі Лойкі прыехалі ў Горадню ў госці да знаёмага. У кватэры свайго прыяцеля на вуліцы Ліможа яны распілі на траіх бутэльку каньяку. Паводзілі сябе спакойна, а пазней пайшлі спаць.

Бліжэй да раніцы грамадзяніну 1994 года нараджэння стала горача. Ён адчыніў акно, лёг на падаконнік і абапёрся аб бакавыя сценкі. Праз лічаныя хвіліны заснуў, страціў раўнавагу і пачаў нахіляцца ў бок адкрытага аконнага праёму.

У гэты час па вуліцы ішоў мінак, які пабачыў, што з трэцяга паверха вось-вось выпадзе чалавек. Ён ужо набраў тэлефон міліцыі, але ў гэты момант малады чалавек распачаў палёт з трэцяга паверха.

Мінак паспрабаваў яго злавіць, але ў выніку яму ўдалося толькі змяніць траекторыю ягонага падзення. Гэта выратавала хлопца – у месцы магчымага прызямлення з зямлі тырчала арматура.

Далей было яшчэ больш дзіўна: хлопец, які пару секундаў таму зваліўся з вышыні, устаў і сказаў, што з ім усё ў парадку ды хацеў ужо ісці званіць у дамафон, каб зноў трапіць у кватэру і працягнуць спаць. Але мінак, які фактычна выратаваў жыццё маладому чалавеку, не даў яму сысці, а выклікаў хуткую дапамогу.

Медыкі дыягнаставалі ў пацярпелага ўдар хрыбта.

Старонка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму піша, што міліцыя праводзіць цяпер праверку па гэтым выпадку.

ДД

Стужка навінаў