Мінаховы здароўя агучвае амбітныя планы па ўрэгуляванні захворванняў на ВІЧ


Медсястра дае чырвоную стужачку жанчыне, каб адзначыць Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Фота REUTERS/Nacho Doce

Перадухіленне распаўсюду ВІЧ / СНІД у краіне з’яўляецца нацыянальным прыярытэтам у сферы аховы здароўя, заявіў міністр аховы здароўя РБ Валерый Малашка. Падчас адкрыцця Рэгіянальнай нарады Unaids краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі галоўны лекар краіны распавёў пра сітуацыю з захворваннем на гэтую хваробу, паведамляе прэсавая служба ведамства.

«На нацыянальным узроўні прыняты План дадатковых захадаў па забеспячэнні дасягнення Глабальнай мэты на 2018-2020 гады. Мы разглядаем часовы інтэрвал да 2020 году як «акно магчымасцяў» для ўздзеяння на эпідэмію ВІЧ-інфекцыі. Беларусь ставіць перад сабой амбіцыйную мэту – дасягнуць эпідэмічнага дабрабыту па ВІЧ – інфекцыі да 2023», – распавёў кіраўнік ведамства.

Сёння пра свой ВІЧ-статус ведаюць 81,8 % ад ацэначнага ліку асобаў, якія жывуць з ВІЧ.

«Наш вынік – сёння ўжо 77,6 % асобаў, якія жывуць з ВІЧ і ведаюць пра свой статус, атрымліваюць антырэтравірусную тэрапію», – адзначыў Валерый Малашка.

Сумесна з міжнароднымі і грамадскімі арганізацыямі вядзецца праца па двух асноўных напрамках: ствараюцца мультыдысцыплінарныя каманды і ўмовы па давядзенню і ўтрыманню пацыентаў на лячэнні.

«І сёння ўжо 75,1 % асобаў, якія атрымліваюць лячэнне, маюць невызначальны вірусны цяжар», – распавёў міністр.

Па стане на 1 траўня бягучага году ў краіне зарэгістравана больш за 21 262 асобаў з ВІЧ-станоўчым статусам, піша TUT.BY. Рэальная ацэначная колькасць людзей, якія жывуць з ВІЧ, – 26 тысячаў чалавек. У краіне пераважае палавы шлях перадачы ВІЧ-інфекцыі – больш за 82 % выпадкаў. Найбольшая колькасць рэгіструецца сярод асобаў ад 30 да 44 гадоў (60 % усіх выпадкаў). У структуры хворых з кожных дзесяці асобаў шэсць – мужчыны.

19 траўня – Сусветны Дзень памяці людзей, што памерлі ад СНІДу

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары