Мінадукацыі: «Бацькоўскім камітэтам ніколі і не дазвалялася збіраць грошы з бацькоў»


Бацькоўскія камітэты больш не будуць збіраць грошы на патрэбы школаў. Ад студзеня 2017 году ў Беларусі пачнуць усюды дзейнічаць апякунскія саветы.

Да кампетэнцыі бацькоўскага камітэту не могуць быць аднесены пытанні, якія тычацца прыцягнення сродкаў для забеспячэння дзейнасці ўстановы адукацыі.

Цяпер усе сродкі на патрэбы школаў і дзіцячых садоў будуць збіраць апякунскія саветы, патлумачылі tut.by у Міністэрстве адукацыі. Паводле пастановы Мінадукацыі ад 28 снежня 2016 г. № 127 усе грошы павінны трапляць у апякунскі савет праз разліковы рахунак школы або гімназіі. Грашовыя актывы збіраюцца з  добраахвотных пералічэнняў асобаў.

«Насамрэч бацькоўскім камітэтам ніколі і не дазвалялася збіраць грошы з бацькоў, таму што занадта шмат пытанняў з-за гэтага ўзнікае», – дадалі ў міністэрстве адукацыі.

Апякунскі савет сваім рашэннем і па ўзгадненні з кіраўніком установы адукацыі і бацькоўскім камітэтам, калі ён ёсць, вылучае грошы з рахунку на мэты гэтай установы.

Як будуць стварацца апякунскія саветы?

У пастанове №127 ад 28 снежня 2016 году акрэслена, як у навучальных установах будуць стварацца апякунскія саветы. Напачатку збіраецца ініцыятыўная група і прымае рашэнне аб стварэнні апякунскага савету. Пасля рашэнне ўзгадняецца з кіраўніком установы адукацыі. Паводле пастановы, што кіраўнік установы адукацыі мае права ўдзельнічаць у паседжаннях агульнага сходу апякунскага савету, а ў выпадку парушэння апякунскім саветам патрабаванняў заканадаўства спыніць яго дзейнасць.

Умовы дзейнасці апякунскіх саветаў установы адукацыі вызначаюць самастойна.

Даведка:

Міністэрствам адукацыі адрэдагаваны наступныя дакументы:

  • Палажэнне аб бацькоўскім камітэце ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, якое зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 28 чэрвеня 2011 г. № 47;
  • Палажэнне аб бацькоўскім камітэце ўстановы дашкольнай адукацыі, якое зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2011 г. № 65;
  • Палажэнне аб бацькоўскім камітэце спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрнату), дапаможнай школы (дапаможнай школы-інтэрнату), цэнтру карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, якое зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 10 лістапада 2011 г. № 277.
  • Пастанову Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2011 г. № 146.

Змены пачынаюць дзейнічаць з 21 студзеня 2017 года.

ВД, паводле tut.by, pravo.by

Стужка навінаў